На Пачобута завялі яшчэ адну крымінальную справу

|

Як паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» адвакат журналіста Аляксандр Бярылаў, абвінавачанне выстаўлена па артыкуле «Абраза прэзідэнта РБ» (ч.1 арт. 368 КК), а новая крымінальная справа ўзбуджана за «Паклёп на прэзідэнта РБ» (арт. 367 КК).

 

Дагэтуль Пачобут быў толькі падазраваным, і толькі па артыкуле за «абразу».

 

Справу завёў 18 сакавіка 2011 г. пракурор Гродзенскай вобласці Марозаў В. М. Пракуратура палічыла, што Пачобут абражаў кіраўніка дзяржавы на старонках польскай «Gazety Wyborczaj», сайта «Белорусский партизан» і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010—2011 гг.

 

Новая справа за «паклёп» заведзена 6 красавіка следчым А. Нікольскім. Па словах адваката, навіна пра ўзбуджэнне чарговай крымінальнай справы не дэзарыентавала журналіста:

 

Адчуванне ў яго баявое, ён да ўсяго гатовы, — зазначыў А. Бярылаў.

 

Тэрмін затрымання Пачобута сканчаўся сёння ўвечары, калі яго меліся вызваліць. Аднак журналісту працягнулі ўтрыманне пад вартай на 2 месяцы.

 

Нагадаем, што ўвечары 6 красавіка Пачобута, які знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, затрымалі за намер прыехаць з Гродна ў Мінск. Следства палічыла, што, пакінуўшы месца жыхарства, Пачобут будзе перашкаджаць правядзенню следчых дзеянняў у рамках крымінальнай справы.

 

Упершыню мы сутыкнуліся з прыцягненнем журналістаў да адказнасці па гэтых артыкулах якраз на Гродзеншчыне — гэта былі Маркевіч і Мажэйка, — узгадвае старшыня ГА „БАЖ“ Жанна Літвіна. — Гэта суправаджалася яшчэ і закрыццём газет, такіх як „Пагоня“, „Биржа информации“… Прад’яўленне новых абвінавачанняў па „крымінальным“ артыкуле наводзіць на думку пра паталагічную нецярпімасць і неўспрыманне гродзенскімі ўладамі ідэі свабоды слова, незалежнай журналістыкі. У той жа час, адкрытасць і прынцыповасць у прафесійнай дзейнасці, адсутнасць страху ў журналіста — гэта тыя якасці, што выклікаюць вяліку павагу да Андрэя. Менавіта гэтай павагай быў прадыктаваны зварот нашых гродзенскіх калегаў у абласную пракуратуру. Захады, ужытыя да Андрэя Пачобута, яшчэ больш паглыбляюць супрацьстаянне незалежнай журналісцкай супольнасці і дзяржаўных структур.

 

Здымак Польская Прэсавая агенцыя