У мінскім метро адбыўся выбух. Ёсць ахвяры і першыя затрыманыя

|

У цяжкім стане ў розных шпіталях сталіцы знаходзіцца 40 параненых.

 

Ёсць звесткі, што сярод пацярпелых ёсць двухгадовае дзіця.

>

Уражвае рэакцыя беларускага тэлебачання: у перапынках паміж спецыяльнымі выпускамі навін круцяць вясёлыя рэкламныя ролікі, па асноўных каналах ідуць серыялы.

У інтэрнэце ўжо з’явіліся відэа, зробленыя сведкамі здарэння.

Відэа

 

Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, усе сілавыя структуры прыведзеныя ў стан павышанай гатоўнасці.

Надзвычайныя меры бяспекі павінны быць уведзеныя на транспарце.

 

У войску павінна адбыцца рэвізія ўсіх складоў з выбухоўкай.

 

“Вывернуть всё наизнанку” і “установить, кому выгодно взорвать спокойствие и стабильность в стране, кто за этим стоит” – цытаты з прамовы прэзідэнта ў прамым эфіры.

 

У каментарах да паведамленняў пра трагедыю на многіх сайтах ужо выказваюцца апасенні наконт таго, што выбух у метро стане нагодай для яшчэ большага ціску на прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама для адцягвання ўвагі ад эканамічных праблем у краіне.

 

“Мужики, нам брошен серьёзный вызов и нам нужен адекватный ответ…


Спокойной жизни нам не дадут – я предупреждал…

 

Вина лежит на нас и мы должны предпринять всё, чтобы люди не подумали, что мы зря едим хлеб” – заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур.

 

Заўтра ў Мінску будзе абвешчаны траўр па загінулых.

 

У аўторак стала вядома, што ўжо ёсць канкрэтныя падазроныя ў справе тэракту.

 

З хвіліны на хвіліну павінны з’явіцца іх фотаробаты.

 

Як паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на БЕЛАПАН, па словах міністра ўнутраных справаў Куляшова, самаробнае выбуховае прыстасаванне з вялікай доляй верагоднасці было радыёкіраваным.

 

Да канца сённяшняга дня плануецца ўсталяваць больш дакладны эквівалент магутнасці, кампаненты прылады і характар ​​выбуху. Цяпер вядома, што прылада была начыненая металічнымі шарыкамі, арматурай і цвікамі.

 

«Мэтай злачынцы было нанясенне максімальна большага паражэння людзям», — сказаў міністр.

 

Ён паведаміў, што ўвесь асабісты склад МУС пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

 

11 красавіка ўведзены планы «Сірэна» і «Тунэль», 12 красавіка — план «Арсенал».

 

Апошні, як адзначыў Куляшоў, накіраваны не толькі на выяўленне незаконнага зброі, але і на праверку асоб, службаў і арганізацый, якія маюць дазвол на захоўванне зброі.

 

Як заявіў сёння намеснік генеральнага пракурора Андрэй Швед, па справе тэракту ў Мінску ўжо затрымана некалькі чалавек.

 

Як паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на сп. Шведа, ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за тэрарыстычны акт і не выстаўляў ніякіх умоў.

 

Па факце выбуху распачата справа на падставе часткі 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса (тэрарызм).

 

Намеснік генпракурора таксама паведаміў, што магутнасць выбуху складала не менш як 3 кг у тратылавым эквіваленце.

 

Паводле яго слоў, верагоднасць таго, што выбуховая прылада была радыёкіраванай, а не прыведзена ў дзеянне смяротнікам, “вельмі вялікая”.

 

Швед паведаміў, што выбух адбыўся ў раёне лаўкі на пероне станцыі “Кастрычніцкая”, але дзе дакладна — эксперты пакуль не высветлілі.

 

Выбух быў такой сілы, што лаўка практычна знішчана, знойдзены толькі асобныя яе фрагменты.

 

13 красавіка стала вядома, што міліцыя затрымала жыхара сталіцы, які ўжо прызнаўся ў здзяйсненні выбуху.

 

Ён жа, па звестках міліцыі, узяў на сябе адказнасць за ранейшыя выбухі ў Віцебску і ля стэлы Перамогі ў Мінску.

 

Рэдакцыя “Твайго стылю” выказвае спачуванне ўсім пацярпелым і іх блізкім.