Парэшткі 300 чалавек пахаваюць у Коматаве
Парэшткі людзей к.15-18 стагоддзяў былі знойдзены ў мінулым годзе падчас раскопак археалагічнага аб’екта ў вёсцы Коматава Гродзенскага раёна.
Дацэнт кафедры археалогіі і этналогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Генадзь Семянчук:
– Гэта былі выратавальныя раскопкі.
У выніку будаўніцтва ГЭС на Нёмане, каля 30 археалагічных помнікаў трапляюць у зону затаплення.
Таму мінулым летам кафедра археалогіі і этналогіі правяла ў гэтай зоне раскопкі хрысціянскага могільніка.
Мы даследавалі каля 10% могільніка, гэта амаль 500 квадратных метраў, знайшлі каля 300 пахаванняў, рэшткі царквы 17 стагоддзя.
Цяпер маем дакладнае ўяўленне пра абрад пахавання, знойдзены элементы матэрыяльнай культуры: пярсцёнкі, завушніцы, шмат цвікоў, манеты, значная колькасць фрагментаў керамічнага посуда.
Сёння, пасля правядзення антрапалагічных даследванняў, парэшткі больш за 300 чалавек, пахаваных некалькі стагоддзяў таму на могілках Коматава-5, зноў вернуцца ў зямлю.
Г.Семянчук:
– У нас няма спецыяльных антрапалагічных інстытутаў, таму, чым гэтыя косткі будуць захоўвацца дзесці ў скрынях, няхай яны зноў будуць пахаваныя ў тым раскопе, дзе мы іх знайшлі.
Мяркуючы па крыжах і надмагільных камянях, у Коматаве хаваліся праваслаўныя і грэка-каталікі (вуніяты), таму на сённяшняе пахаванне былі запрошаныя праваслаўны і грэка-каталіцкі святары.
Адслужыць паніхіду пагадзіўся а.Андрэй Крот.
Фота з месца раскопак Ірыны Мілінкевіч