Справу супраць Крука спынілі

|

4-га сакавіка ў вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну ў Івана Крука канфіскавалі два асобнікі выдання “Астравецкі веснік”, які змяшчаў крытычныя матэрыялы на тэму пабудовы Астравецкай атамнай станцыі.

Супраць актывіста была заведзеная адміністрацыйная справа аб распаўсюджванні незарэгістраванай літаратуры. Рашэнне пра спыненне справы было прынятае згодна з Пастановай №2 Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У дакуманце гаворыцца, што намеснік міністра Лапцёнак Ігар Мікалаевіч разгледзеў матэрыялы з міліцыі адносна канфіскацыі двух асобнікаў “Астравецкага весніка”, і пастанавіў спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

У пастанове Міністэрства інфармацыі паведамляецца, што два асобнікі “Астравецкага весніка” былі знішчаныя, бо не ўяўляюць істотнай каштоўнасці і выпушчаныя з парушэннем патрабаванняў міжнароднага стандарта ў частцы ўказання выхадных дадзеных.

Кажа рэдактар выдання Мікалай Уласевіч:

– У дадзеным выпадку інкрымінавацца правапарушэнне будзе мне, таму што я з’яўляюся рэдактарам, і з адпаведнымі наступствамі: штраф да 50 базавых велічынь і з магчымай канфіскацыяй абсталяванне, на якім гэтае выданне выпушчанае.

Па заканадаўству Іван Крук мае права цягам 10 дзён абскардзіць рашэнне Міністэрства інфармацыі. Ён пакуль не ведае, ці скарыстаецца гэтым правам.

Радыё Рацыя