Гродзенскія актывісты запрашаюць пачысціць Румлёўскі парк
У гэты дзень група энтузіястаў плануе зладзіць прыборку ў Румлёўскім парку. Усе ахвотныя далучыцца мусяць прыйсці ў 9 гадзін на прапынак Румлёва. З сабой варта мець пальчаткі і мяхі для смецця.
Арганізатары прыборкі ўжо ладзілі некалькі акцый па прыборцы тэрыторый раней – 15 мая на беразе вадаёма “Зялёнка” і 22 мая ў Пышках.
У гродзенскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродку паведамілі, што далучацца да Сусветнага дня навакольнага асяродку ўдзелам у тэматычным семінары. Мерапрыемства ладзіцца для супрацоўнікаў прыродаахоўных службаў у Навагрудскім раёне. Ягоныя ўдзельнікі наведаюць вятрак, завод металавырабаў, на якім робяць малыя скульптуры для паркаў, мясцовы лясгас, дзе наладжаная безадкідная вытворчасць – напрыклад, робяць пілеты для спальвання ў печах і камінах і іншыя цікавыя аб’екты.
Беларускі нацыянальны статыстычны камітэт падрыхтаваў лічбы па забруджванні навакольнага асяродку ў Беларусі. Атмасфернае паветра ў краіне найбольш забруджваюць мабільныя крыніцы – 71% ад агульнага б’ёму (у асноўным ад аўтатранспарта), стацыянарныя – 29% (прамысловыя прадпрыемствы і цеплаэлектрастанцыі).
Паводле дадзеных Белстата, у 2010 годзе агульны аб’ём выкідаў шкодных рэчываў у паветра ад мабільных і стацыянарных крыніц склаў 1,3 мільёнаў тон – у параўнанні з 2009 годам гэта на 17% меней. Калі параўноўваць аб’ёмы выкідаў ад прадпрыемстваў і ЦЭС па абласцях, то найбольш забруджваюць паветра прадпрыемствы Віцебшчыны – 94,4 тысячы тон за 2010 год, найменш – Берасцейшчына: 28,6 тысяч тон. Гродзеншчына мае сярэдні паказчык – 44,7 тысяч тон шкодных рэчываў.