Будаўніцтва цэха азотнай кіслаты ў Гродне не выклікала пытанняў?

Калі гарвыканкам не атрымае такіх заявак на правядзенне грамадскіх слуханняў, то збярэцца адмысловая камісія, якая прыме пазітыўнае рашэнне па праекце пабудовы азотнага цэха, – тлумачыць вядучы інжынер-тэхнолаг службы перспектыўнага развіцця “Гродна Азот” Аляксей Гаўрыкаў. – У выпадку, калі будзе хаця б адна заява, дзе будуць пазначаныя спрэчныя моманты, то мы зладзім грамадскія слуханні па абмеркаванні САЎНА праекта будаўніцтва цэха азотнай кіслаты прыкладна 27-28 чэрвеня.

 

 

Нават калі гэты праект бяспечны і не будзе парушаць экалогію, ўсё роўна трэба ініцыянаваць грамадскія слуханні, – адзначае намеснік дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў. – Трэба, каб у нас склалася практыка грамадскага абмеркавання такога кшталту праектаў. Гэта будзе карысна ўвогуле, каб прадпрыемствы ладзілі слуханні і грамадзяне маглі заранёў даведацца, якім чынам той ці іншы будучы тэхналагічны аб’ект будзе ўплываць на экалогію асяроддзя, дзе яны жывуць.

 

Інвестыцыйны праект па будаўніцтве цэха па вытворчасці азотнай кіслаты магутнасцю 1,2 тысячы тон у суткі “Гродна Азот” плануе рэалізаваць у 2013 годзе. Сённяшняя вытворчасць азотнай кіслаты была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, у перыяд з 1972 па 2008 гады рабілася рэканструкцыя, скіраваная на зніжэнне сабекошту прадукцыі. Аднак прамысловага эфекту рацяналізацыя не дала, бо сённяшняя вытворчасць азотнай ксілаты базуецца на маральна і фізічна састарэлых тэхналогіі і абсталяванні, распавёў БЕЛТА начальнік службы перспектыўнага развіцця “Гродна Азот” Валеры Багданаў. Арыентыровачны аб’ём укладанняў ацэньваецца ў 95,5 мільёнаў даляраў, “Гродна Азот” плануе задзейнічаць уласныя сродкі і крэдыты.