У абарону імя Каліноўскага
Матэрыялы надрукаваныя Беларускім гістарычным таварыстам і Польскім інстытутам у Мінску. Як узнікла ідэя правядзення канферэнцыі і выдання навуковага зборніка, распавёў адзін з ягоных аўтараў, гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:
– Ідэя і ўзнікненне гэтага зборніка, як і правядзенне канферэнцыі, стала вынікам своеасаблівай рэакцыі на тыя памкненні афіцыйных ідэолагаў, якія сёння прысутнічаюць у беларускай інтэлектуальнай прасторы і якія накіраваны на спробу вывесці Кастуся Каліноўскага з ліку нацыянальных герояў.
У 2008 годзе ў “Беларускай думцы” з’явіўся артыкул Аляксандра Гронскага, прысвечаны “міфалагізацыі вобраза Кастуся Каліноўскага”, дзе аўтар даказвае, што Каліноўскі быў ідэйным палякам і таму не можа займаць месца ў беларускай нацыянальнай ідэі. Праз нейкі час доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук падаў ідэю правесці навуковую канферэнцыю, прысвечаную асобе Кастуся Каліноўскага, якая і адбылася ў Мінску 25 верасня 2009 году.
Галоўнай задачай, па словах Андрэя Вашкевіча, было акрэсліць новыя падыходы да вывучэння біяграфіі Каліноўскага і паўстання 1863 года і, што самае важнае, – паказаць, наколькі важную ролю адыграла асоба Кастуся Каліноўскага ў фармаванні беларускай нацыянальнай ідэі ўжо ў ХХ стагоддзі.
– Думаю, што матэрыялы, змешчаныя ў зборніку, пераканаўча даказваюць, што асоба Кастуся Каліноўскага ўжо даўно займае першае месца ў “нашым нацыянальным эпасе” (С. Дубавец), і ніхто не ў стане Каліноўскага з нашай нацыянальнай ідэі выкрасліць – лічыць Андрэй Вашкевіч.
Зборнік змяшчае шэраг матэрыялаў, прысвечаных як паўстанню, так і адлюстраванню асобы Каліноўскага ў беларускай літаратуры, мастацтве, нават назвах вуліц беларускіх гарадоў.
У зборніку таксама надрукаваныя шэраг цікавых здымкаў, у тым ліку невядомы раней здымак Кастуся Каліноўскага.