Гродзенскі музей Быкава атрымаў прэмію “За свабоду думкі”
Прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава была заснаваная лідарам Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Сёлетняга ўладальніка прэміі па традыцыі абралі лаўрэаты мінулых гадоў. Ім стаў паэт, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, якому 19 чэрвеня ўручылі памятны дыплом і бронзавую статуэтку “За свабоду думкі”.
У гэтым годзе адным з намінантаў на прэмію быў таксама гродзенскі музей імя Васіля Быкава. Пра гэтыя абставіны, адзначыў падчас перадачы прэміі музею намеснік старшыні грамадскай кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Фядута, Някляеў на ўручэнні не ведаў. Таму пасля ўрачыстасцяў Уладзімір Някляеў прыняў рашэнне перадаць узнагароду гродзенскаму музею Васіля Быкава ў асобе ягонага дырэктара Мікалая Мельнікава.
– Асабіста вашы высілкі і дабрачынная праца вашых паплечнікаў па ўратаванні, захаванні ўсяго, што звязвае Васіля Быкава і Гродна, што ўвогуле ёсць Васіль Быкаў, я лічу духоўным подзвігам. Асабліва з улікам тых умоў, у якіх давялося вам адстойваць і рэалізоўваць ідэю быкаўскага музея. Так што ёсць усе падставы для таго, каб лічыць дзею перадачы прэміі перамогай справядлівасці, якую ўсё сваё жыццё адстойваў Васіль Быкаў. Прэмія заслужана ваша, – зачытаў на перадачы прэміі Аляксандр Фядута словы з ліста Уладзіміра Някляева, адрасаванага дырэктару гродзенскага музея Васіля Быкава Мікалаю Мельнікаву.
Уладзімір Някляеў застаецца лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі”, дадаў Аляксандр Фядута, яму застанецца і дыплом, дзе пазначанае яго імя.
alt=”Image 15481″ >
Здымак Зміцера Бандарчука