Конкурс навуковых прац імя Тызенгаўза
– Прэмія была заснаваная ў 2009 годзе, у гонар заснавальніка айчыннай арніталогіі Канстанціна Тызенгаўза, – распавядае Дзмітры Вінчэўскі, сакратар прэміі АПБ, старшыня Гродзенскага аддзялення арганізацыі. – Мінулым разам мы не мелі памятнага знаку, які планавалася ўручыць лаўрэату прэмію. А сёлета, спадзяюся, такі памятны знак у гэтым годзе ўжо з’явіцца. Доктар Юзаф Зямчонак, які абараніў навуковую працу ў Польшчы на тэму жыцця і дзейнасці Канстанціна Тызенгаўза, перадаў нам здымак вялікага медаля з выявай бюста Канстанціна Тызенгаўза. На яго аснове адзін з мінскіх скульптараў робіць памятны знак для прэміі.
Сёлетняя прэмія АПБ асабліва ўрачыстая – акурат у гэтым годзе святкуецца 225-годдзе з дня нараджэння Канстанціна Тызенгаўза.
Граф Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853) нарадзіўся і быў пахаваны ў м.Жалудок (цяпер Шчучынскі раён Гродзенскай вобл.). Выдатны заолаг і орнітолаг, аўтар некалькіх артыкулаў і кніг пра птушак, між іншым – “Zasadу ornitologii albo nauki o ptakach” (1841) – “Асновы арніталогіі, навукі аб птушках”.
Пра ўмовы ўдзелу ў прэміі можна прачытаць на сайце грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.