Пачалі правяраць падвалы гродзенцаў

Супрацоўніца ЖЭСа №1 распавяла, што правяраць падвалы яны пачнуць ад заўтрашняга дня:

 

Мы раней вешалі абвесткі з просьбай расчысціць праходы ў падвалах і пранумараваць падвальныя ячэйкі. Непазначаныя ячэйкі будзем ускрываць, рэчы з яго вывезем на сметнік. А ўласніка знойдзем – усе ж адзін аднаго ведаюць у адным доме – і выпішам яму штраф.

 

Памер штрафа супрацоўніца ЖЭСа пакуль не ведае. А вось у ЖЭСе №2 з рэйдамі абышлі амаль цэлы дом – супрацоўнікі кажуць, што ў працэсе праверкі нумарацыі ўзнікае шмат пытанняў:

 

Найперш, мы не маем афіцыйных падставаў і паўнамоцтваў, каб ускрыць чужую падвальную ячэйку. Мы зараз хадзілі без супрацоўнікаў міліцыі, але і ўчастковыя, думаю, у гэтай сітуацыі наўрад ці дапамогуць знайсці падставы, каб ускрыць чужы падвал. Адпаведна і штраф накласці мы не можам – няма каму і невядома на якой падставе. А ўвогуле гэта аказалася цяжкая і карпатлівая праца. Адзін дом мы правяралі два тыдні – гэткім чынам укласціся ў тэрміны, пазначаныя нам зверху, нерэальна. Усе ўзніклыя пытанні падчас рэйдаў мы накіроўваем ва УЖРЭП Ленінскага раёна.

 

Спраўдзіць нумарацыю падвалаў супрацоўнікі ЖЭСаў мусяць да 20 жніўня, дадала супрацоўніца ЖЭСу.

 

Нагадаем, следчыя Генпракуратуры Беларусі, якія вывучалі справу па ўзрыве ў мінскім метро, папрасілі правесці рэйды па падвалах дамоў на наяўнасць у іх выбухова небяспечных рэчываў. Такая маштабная інвентарызацыя ладзіцца ў Беларусі ўпершыню. Дагэтуль супрацоўнікі ЖЭСаў толькі нагадвалі, што трэба прыбрацца ў падвалах і не складаць там смецце. Зараз гаспадары павінны пазначыць на сваіх падвалах нумар кватэры. Непранумараваныя памяшканні будуць ускрывацца разам з участковым міліцыянерам, а ўсе рэчы адтуль вывезуць на звалку. Калегія Міністэрства ЖКГ усталявала тэрмін праверкі тэхнічных памяшканняў – рэйды прадоўжацца да канца году.

 

 

Здымак з seva100pol.com