Больш за сто затрыманых у “маўклівай акцыі”

Па словах затрыманай журналісткі Гражыны Шалкевіч, у раённым аддзеле міліцыі на Азёрскай шашы, дзе яе пратрымалі 5 гадзін, знаходзілася каля 25-26 удзельнікаў акцыі:

 

Мяне выпусцілі толькі пасля апоўначы. На вуліцы Савецкай падчас акцыі выйшаў з машыны міліцыянт і праз рупар папярэдзіў, што гэта несанкцыянаваная акцыя і сказаў, каб усе разыходзіліся. У гэты час пад’ехалі два чырвона-зялёныя МАЗы, людзі троху спалохаліся і разышліся з брукаванкі на Савецкай па баках на ходнікі, ніхто ўжо не пляскаў. Але міліцыянтам было, відаць, ужо ўсё роўна. Людзей пачалі хапаць. Я ўбачыла аўтазак каля кінатэатра “Гродна” і хацела папярэдзіць калег, каб адышлі адтуль. Але не паспела – мяне схапілі 2 невядомых. Я пачала крычаць, нейкія мужчыны з кавярні побач падбеглі мяне адцягнуць. Але тады набеглі яшчэ чалавек 6 і проста за рукі і ногі мяне павалаклі ў аўтобус. Пасля заграблі і тых, хто спрабаваў мяне адбіць. Аднаму мужчыну нават палец зламалі. Я бачыла, як людзі з жахам на тварах за гэтым назіралі.

 

Журналістаў Андрэя Фралова, Міколу Дзятчэню, Юры Гуменюка пасля трымання ў пастарунку павезлі на суткі ў ізалятар часовага ўтрымання. Таксама дзясяткі затрыманых знаходзіліся ў Ленінскім РАУС на Гая, сярод іх журналісты Алесь Дзянісаў і Ігар Банцар. Апошніх таксама пакінулі на суткі.

 

На ўсіх затрыманых склалі пратаколы, дзе прад’яўлялі абвінвачванне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (Артыкул “Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання”.)

 

Я ў пратаколе пазначыла, што з абвінавачваннем не згодная, – кажа Гражына Шалкевіч. – Буду падаваць скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

 

Суды над затрыманымі будуць сёння ў 14 і 15 гадзін у судзе Ленінскага раёна.

 

Акцыя, адзначаюць сведкі, вызначылася асабліва жорсткімі затрыманнямі. У мінулую “маўклівую акцыю” 29 чэрвеня на вуліцы Гродна выйшла больш за 1000 чалавек, адна з самых маштабных акцыяў па Беларусі. Тады шэсце па вуліцы Савецкай ніхто не затрымаў і не разганяў.

 

Па дадзеных ”праваабарончага цэнтра “Вясна” ўсяго па Беларусі падчас “маўклівай акцыі” 3 ліпеня затрымалі 280 чалавек. Найбольшая колькасць затрыманых удзельнікаў у Гродне і Гомелі.

 

alt=”Image 15609″ >

 

Здымкі Яўгена Здановіча