Чарговы кіраўнік “Гродна Азота” сышоў у “Белнафтахім”

Савет міністраў Беларусі пастановай ад 28 чэрвеня вызваліў ад пасады намесніка старшыні канцэрна Браніслава Сівога. Гэтым жа рашэннем прызначаны на пасаду першага намесніка старшыні “Белнафтахіма” Андрэй Сіроцін, які дагэтуль выконваў абавязкі гендырэктара ААТ “Гродна Азот. Да гэтай пасады Андрэй Сіроцін працаваў галоўным інжынерам прадпрыемства, а генеральным дырэктарам ААТ “Гродна Азот” быў расеец Ігар Жылін, якога пазней прызначылі старшынём канцэрна “Белнафтахім”.

 

Да прызначэння Сіроціна першым намеснікам старшыні канцэрна ў ведамстве такая пасада адсутнічала.

 

Раней, выступаючы 30 чэрвеня ў беларускім парламенце, першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка раскрытыкаваў працу канцэрна “Белнафтахім” і яго кіраўніцтва за невыкананне шэрагу мэтавых прагнозных паказчыкаў. У прыватнасці, Сямашка адзначыў нізкія тэмпы росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці і складанасці з перапрацоўкай усяго аб’ёму нафты, які сёлета плануе атрымаць дзяржава – сумарна каля 25,6 мільёнаў тон. Таксама першы намеснік пррэм’ера выказаў незадаволенасць тым, як рэалізуюцца інвестпраекты на шэрагу структурных прадпрыемстваў канцэрна, у тым ліку і на “Гродна Азот”.