А. Арэхва: Уступныя іспыты ў польскія ВНУ былі пад пагрозай

|

Па словах выконваючай абавязкі старшыні апальнага Саюза палякаў на Беларусі Анжалікі Арэхвы, сёлета беларускія чыноўнікі хацелі перашкодзіць правядзенню іспытаў:

 

– Моладзь мае магчымасць здаваць іспыты ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Польшчы ад 1989 года. Але ў гэтым годзе ўпершыню з’явіўся такі страх, што гэтыя экзамены могуць не адбыцца, таму што не маглі падпісаць новую ўмову паміж міністэрствамі вышэйшай адукацыі ў Польшчы і Беларусі. Заўжды іспыты адбываліся ў маі, а ў гэтым годзе ажно ў ліпені. Дзеці ўжо адчувалі такую пагрозу, што гэтых экзаменаў не будзе ўвогуле.

 

У выніку скандалу, калі беларускія ўлады хацелі перашкодзіць праводзіць набор у польскія ВНУ на тэрыторыі Беларусі, Польшча пачала рыхтавацца да правядзення іспытаў на сваёй тэрыторыі. Ісці на такія меры, аднак, не прыйшлося, паколькі старое пагадненне паміж бакамі было адноўлена, і будзе дзейнічаць да красавіка 2012 года.