Школьныя строі гродзенскага “Элоду” разыходзяцца як гарачыя піражкі
Апошнюю партыю запланаванага да выпуску адзення адгрузяць у гандль на наступным тыдні.
– Нашае адзенне заўсёды запатрабаванае, – тлумачыць дырэктар прадпрыемства Ірына Зенкевіч. – Сёлета гандлёвыя кропкі запыталі ў нас большыя аб’ёмы – у першы клас ідзе больш за 650 тысяч школьнікаў.
Па словах Ірыны Зенкевіч, мінулагодняя калекцыя школьнага адзення вытворчасці “Элод” была распрададзеная практычна на 98%.
Сёлетнюю школьную калекцыю абнавілі на 99%, прапануючы строі для дзяўчын усіх школьных узростаў. Для шыцця адзення школьніцам выкарыстоўвалі тканіны карэйскай і кітайскай вытворчасці – гэтым разам віскоза з дадаткам лайкравых ніцяў, каб адзенне добра аблягала фігуру. Калекцыя вытрыманая ў класічных колерах: чорны, светла-шэры, шэры асфальт.
З 15 ліпеня на Савецкай плошчы распачнецца традыцыйны школьны базар – на ім “Элод” зладзіць некалькі паказаў сваёй новай калекцыі школьнага адзення.
Здымак з www.elod.by