Піва пакуль п’юць шмат
Цягам студзеня-чэрвеня “Лідскае піва” паставіла на экспарт 381,3 тыс.дал піва, што на 56% больш, калі параўноўваць з першым паўгоддзем мінулага году. Прадпрыемства павялічыла продаж піва і на ўнутраным рынку – да 2 мільёнаў 841,6 тыс дал, што больш на 22,5%.
Агулам “Лідскае піва” за гэтыя шэсць месяцаў павялічыла вытворчасць піва на 26,2%, ягоная доля ў агульным выпуску піва ў Беларусі склала 14,9%.
Павялічылі і вытворчасць квасу, які добра разыходзіцца асабліва спякотай у чэрвені. “Лідскае піва” зараз вырабляе квасу 1 мільён 596,9 тыс. дал, што найбольшы паказчык сярод беларускіх бровараў па вырабе квасу, напрыклад, Heineken Belarus вырабіла 1 мільён 63,4 тыс.дал гэтага напою.
Ці застануцца гэткія ж аб’ёмы вытворчасці і продажу піва ў наступным паўгоддзі, узнікае пытанне. Як высветлілі naviny.by, к канцу лета акцыз на піва можа быць павялічаны ў 4,6 разоў. У выніку паўтаралітровая бутэлька піва, якая каштавала 6500, пасля падняцца акцызаў можа каштаваць прыкладна 10 тысяч рублёў. Генеральны дырэктар “Лідскага піва” Аудрус Мікшыс таксама збіраецца падымаць кошты ў выпадку павышэння акцыз на піва. Пры гэтым ён мяркуе, што многія людзі могуць не захацець набываць піва па новых высокіх коштах, што прывядзе да заняпаду піўнога рынку.
Здымак з bdg.by