“Гроднаграмадзянпраект” робіць праект рэстаўрацыі кірхі трэці год

Праект каштуе 17 тысяч еўра. 10 тысяч даў нямецкі ўрад, 7 тысяч еўра выдзялілі нашыя партнёры – арганізацыя “Густаф Адольф”, якая займаецца дапамогай лютэранскім цэрквам на прасторы былога савецкага саюзу, – распавядае пастар евангелісцка-лютэранскай абшчыны Гродна Уладзімір Татарнікаў.

 

Па яго словах, “Гроднаграмадзянпраект” займаецца праектам рэстаўрацыі гродзенскай кірхі з 2009 году – спачатку праект каштаваў 26 мільёнаў беларускіх рублёў, пасля 69 мільёнаў, у рэшце ягоны кошт дасягнуў 100 мільёнаў рублёў.

 

Па дамове мы мусім атрымаць праект у кастрычніку 2011 году, – кажа пастар Уладзімір. – Аднак справа зацягваецца, і рэальна я не ведаю, ці будзем мець праект у кастрычніку. Напэўна, давядзецца звяртацца ў аблвыканкам і да губернатара з просьбай дапамагчы прыспешыць зрабіць нам праект.

 

Калі будзе гатовы праект, стане зразумелым, колькі грошай спатрэбіцца на рамонтныя працы і матэрыялы:

 

Тады будзем зноў звяртацца да нашых нямецкіх партнёраў з просьбай даць грошы на рэстаўрацыю гродзенскай кірхі. Мы вельмі радыя, што нам вызвалася дапамагчы і Пасольства Нямеччыны ў Беларусі, акурат праз нямецкага пасла зрушылася справа з грашыма. Гродзенская кірха – гэта адзіны дзеючы лютэранскі храм у Беларусі, таму нямецкі бок выказаў гатоўнасць дапамагаць нам фінансава і далей пры правядзенні непасрэдна рамонтных прац. – распавядае пастар Уладзімір.

 

Калі праект да кастрычніка-лістапада будзе ўсё ж гатовы, спадзяецца пастар Уладзімір, то абшчына будзе абвяшчаць тэндэр на правядзенне рэстаўрацыйных прац, а з пачатку наступнага году на кірсе мусяць распачацца рамонтныя працы.

 

Застаецца яшчэ дагэтуль актуальным пытанне ўласніка будынка кірхі. Пакуль яно застаецца на балансе горада. Гарадскія ўлады яшчэ не спяшаюцца перадаваць будынак кірхі абшчыне, матывуючы гэта тым, што яны не маюць пэўнасці, ці здолеем мы рабіць рэстаўрацыю будынка. Спадзяюся, пытанне з перадачай у нашую ўласнасць будынку кірхі паступова вырашыцца для нас станоўча, – мяркуе пастар Уладзімір.

 

Здымак Евы Крок