Кошты навучання будуць вядомыя да канца ўступнай кампаніі
Уступная кампанія ў беларускія вну амаль скончылася, практычна ва ўсіх установах вызначаныя прахадныя балы на бюджэтныя месцы. Тыя, хто не дабраў балаў на бюджэт, могуць паступаць на платныя аддзяленні. Новыя кошты навучання апублікуюць 2 жніўня, паведамляе прэс-цэнтр Мінадукацыі.
Зараз у міністэрстве адбываецца ўзгадненне новых коштаў. У адпаведнасці з заканаўствам кошт платнага навучання вну вызначае самастойна, кіраўнік зацвярджае кошты ў беларускіх рублях. Узровень павышэння коштаў у канкрэтнай вну залежыць ад наяўнай структуры выдаткаў на платнае навучанне – ад спецыяльнасці, кваліфікацыі, стажа працы прафесарска-выкладчыцкага складу і іншых педсупрацоўнікаў, стану матэрыяльна-тэхнічнай базы і іншых выдаткаў.
У канцы чэрвеня міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч паведаміў, што з канца ліпеня кошты навучання ў беларускіх вну павялічацца ў сярэднім на 20%. Па дадзеных Белстата, за апошні год кошты навучання павялічыліся ўжо на 34%.