Палякі Беларусі едуць на сусветныя спартовыя гульні
– У камандзе 50 спартоўцаў з Ліды, Мінска, Ваўкавыску і Гродна, – распавядае віцэ-старшыня Гродзенскай суполкі СПБ Мечыслаў Яскевіч, які трэніруе і павязе каманду на спаборніцтвы. – Плюс асобна будзе даязджаць каманда з 15 спартоўцаў з Брэста. Будзем удзельнічаць у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, тэнісе, стральбе, выстаўляем жаночую і мужчынскую каманды па валейболе і мужчынскую па баскетболе.
Наймалодшаму ўдзельніку з Беларусі – 14 гадоў, а найстарэйшаму – 73 гады.
Каманду спартоўцаў Саюз палякаў на Беларусі выстаўляў на “Паланійных гульнях”, польскім аналагу Алімпійскіх гульняў, ад самых першых спаборніцтваў у 1994 годзе, кажа Мечыслаў Яскевіч:
– Прывозілі мы і першыя месцы ў агульным заліку, ніколі ніжэй за шостае месца не мелі, а па валейболе і баскетболе заўсёды першыя месцы займалі.
XV Сусветныя летнія “Паланійныя гульні” будуць арганізаваныя па 27 дысцыплінах з 30 ліпеня па 6 жніўня. Для ўдзелу ў гульнях ва Ўроцлаў прыязджае каля 1300 палякаў, якія жывуць па-за межамі Польшчы. Свае каманды выстаўляюць ЗША, Канада, Аўстрыя, Аўстралія, Італія, Францыя, Расія, Україна, Літва ды іншыя краіны.