Цукар пакуль не падаражэе?

Кошты да новага ўраджаю цукровых буракоў змяняцца не будуць, – заявіў сёння сп Данчанка, перадае afn.by.

 

Далей кошты на цукар будуць залежаць ад закупачных коштаў на цукровыя буракі новага ўраджаю. Па словах старшыні “Белдзяржхарчпрому”, у мінулым годзе тона цукровых буракоў каштавала 100 тысяч рублёў, сёлета, мяркуецца, кошт будзе складаць 234 тысячы за тону.

 

У той жа час чыноўнік не выключыў, што кошт на цукар можа застацца гэткім жа з-за неабходнасці выхаду на парытэт на цукар з Расіяй. Сёння цукар у РФ каштуе даражэй, чым у Беларусі, аднак сёлета Расія чакае “небывалага ўраджаю цукровых буракоў”.

 

Магчыма, там будзе не рост, а зніжэнне коштаў, і мы будзем арыентавацца на сітуацыю ў суседніх краінах, – мяркуе сп Данчанка.

 

Каментуючы ажыятажны попыт у беларускіх крамах на цукар, старшыня канцэрну запэўніў, што дэфіцыту цукру не будзе – да новага ўраджаю маецца запас у 100 тысяч тон цукру, зробленага з трыснягу.

 

Варта адзначыць, што з 28 мая цукар падаражэў амаль на 40%, а калі ўлічваць лютаўскае павышэнне, то з пачатку гэтага году цукар падаражэў на 60%.

 

Здымак з kp.by