Мінэнерга Беларусі: Астравецкая АЭС будзе пад двайным кантролем

Дырэктар дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мінэнерга Беларусі Мікалай Груша заявіў, што надзвычайнае здарэнне на Ленінградскай АЭС-2, якая будуецца пад Пецярбургам па адным праекце з беларускай АЭС, аніяк не адаб’ецца на бяспецы функцыянавання ў будучыні Астравецкай станцыі. Па словах Мікалая Грушы, тэхналогія, па якой будуецца Ленінградская АЭС-2, мае высокі ўзровень надзейнасці.Таму нядаўняе абвальванне канструкцый на станцыі Мінэнерга Беларусі схільнае звязваць з парушэннем рэгламенту будаўніцтва.

 

Беларускі ж бок прычынаў для трывог не мае – Астравецкая АЭС будзе будавацца пад пастаянным падвойным кантролем: з боку расейскага генеральнага падрадчыка і беларускіх кантрольных і наглядных ворганаў, перадае БЕЛТА.

 

Для ўзмацнення ахоўнага эфекту ў раёне беларускай Астравецкай АЭС плануюць стварыць дадатковую памежную заставу.

 

Нагадаем, 17 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы першага энергаблоку Ленінградскай АЭС-2 абваліліся металаканструкцыі. У выніку здарэння чалавечых ахвяраў няма, аднак сама падзея выявіла сур’ёзныя хібы і парушэнні тэхналагічнага працэсу. Будаўніцтва расейскай АЭС знаходзіцца пад кантролем дзяржаўнай карпарацыі “Росатом”, у якую ўваходзіць кампанія “Атомстройэкспорт” – генеральны падрадчык Астравецкай АЭС. У той жа час эксперты экалагічных арганізацый прадставілі доказы высокай рызыкі карупцыі пры рэалізацыі праекта беларускай АЭС расійскай карпарацыяй “Росатом”.

 

Здымак nnm.ru