Удзельнікі другой Бардзюрнай пятніцы: гэта толькі пачатак

У акцыі прыняло ўдзел каля 50 раварыстаў, якія праехалі маршрут працягласцю 10,3 кіламетраў. Адна з удзельніц і арганізатараў Бардзюрнай пятніцы Юля мяркуе, што далучацца да акцыі будзе ўсё больш людзей:

 

У людзей ужо скончацца адпачынкі, усе пачнуць вяртаюцца ў горад. Што да замераў бардзюраў, то гэты маршрут знаходзіцца ў лепшым стане, чым першы. Аднак усё роўна паводле замераў мы склалі мапу пашкоджаных і завышаных бардзюраў, ліст з апісаннямі і патрабаваннем адрамантаваць пазначаныя намі ўчасткі адправім у гарвыканкам на гэтым тыдні.

 

Юля мяркуе, што Бардзюрныя пятніцы могуць стаць своеасаблівым штуршком, каб распачаць будаўніцтва ў горадзе роварнай інфраструктуры:

 

Мы ўжо атрымалі ліст ад ДАІ з абяцаннем адрамантаваць пашкоджаныя і пазначаныя намі бардзюры да 15 верасня. Людзі, якія падпісваліся пад тым лістом да уладаў, убачылі, што іхныя намаганні чагосьці вартыя і іх заўважылі. Гэта можа натхняць працягваць нашу справу далей. Да таго ж самі чыноўнікі пагаджаюцца, што гэтая інфраструктура патрэбная – але адразу на ўсё не хопіць грошай. Таму, думаю, малымі крокамі справа будзе рухацца наперад.

 

Нагадаем, “Крытычная маса” спыніла сваё існаванне ў Гродне, пасля таго як ДАІ выставіла да яе ўдзельнікаў невыканальныя патрабаванні рухацца толькі па тратуарах. Гродзенскія раварысты вырашылі захаваць традыцыю масавага катання на роварах праз горад, змяніўшы фармат акцыі. У выніку паўстала Бардзюрная пятніца, калі ў апошнюю пятніцу месяца раварысты абіраюць новы маршрут, перасоўваючыся на роварах па тратуары. Падчас Бардзюрная пятніцы раварысты робяць замеры бардзюраў, фіксуюць парушэнні іх вышыні, фатаграфуюць разваленыя тратуары і складаюць ліст у гарвыканкам і ДАІ з просьбай выправіць гэтыя хібы.

 

Здымак velogrodno.by