Супрацоўнікі ДАІ прасілі прабачэння ў доктара Ваўкавыскай бальніцы

|

Пракуратура палічыла дзеянні супрацоўнікаў ДАІ неправамернымі.

Прымяненне відэаздымак не было прадугледжана заканадаўствам і зяўлялася асабістай ініцыятывай супрацоўнікаў ДАІ. Пра гэта Ваўкавыскай газеце “Наш час” паведаміў пракурор Гарадзенскай вобласці Віктар Марозаў.

Што да прымянення кайданкоў, то відавочна, што супрацоўнікі ДАІ перавысілі свае паўнамоцтвы, пра што паведамлена кіраўніцтву ўпраўленьня ўнутраных спраў.

Цяпер завяршаецца праверка, якую праводзіць служба ўласнай бяспекі ўпраўлення ўнутраных спраў, супрацоўнікі міліцыі будуць дысцыплінарна пакараныя.

На мінулым тыдні супрацоўнікі ДАІ прыязджалі ў бальніцу і прынеслі свае прабачэнні доктару. Ён прыняў выбачэнні, зараз канфлікт цалкам вычарпаны“, – сказаў Віктар Марозаў. 

Загадчык прыёмнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Кабылка сказаў, што прыняў прабачэнні.

Таксама ён папрасіў, каб супрацоўнікі міліцыі аспрэчылі няслушную інфармацыю, размешчаную на некаторых сайтах, на падставе якой у некага “маглі паўстаць падазрэнні, нібыта я спрабаваў сфальсіфікаваць вынікі аналізаў“. 

16 ліпеня інспектары ДАІ ў Ваўкавыску збілі дзяжурнага доктара.

Інцыдэнт адбыўся ў Ваўкавыскай бальніцы, куды супрацоўнікі ДАІ прывезлі ўначы п’янага кіроўцу для агляду.

Іх не задаволіла, як доктар праводзіў экспертызу. Супрацоўнікі ДАІ пачалі відэазапіс, а потым надзелі на доктара кайданкі і збілі.

Я магу з поўнай адказнасцю заявіць, што ва ўжыванні кайданкоў не было неабходнасці. Дасведчаны лекар, не парушаючы працэдуры, выконваў свае абавязкі“, – адзначыў Віктар Марозаў.

 

Паводле http://www.svaboda.org