За незаконны абарот валюты ў Гродзенскай вобласці адкажуць 13 чалавек
За першае паўгоддзе 2011 года канфіскавана 29157 долараў, 9040 еўра, 21,3 тысяч расійскіх рублёў, 41,2 мільёны беларускіх.
У адным з выпадкаў грамадзянін І. рэалізоўваў 6000 долараў (курс 6400 рублёў за 1 долар) за 38,4 мільёны рублёў. Падчас дагляду асабістых рэчаў парушальніка знойдзена яшчэ 800 еўра, 6646 долараў, 6 мільёнаў145 тысяч беларускіх рублёў.
Высветлілася, што грамадзянін неаднаразова займаўся набыццём і продажам замежнай валюты, таму далей гэтай справай займаецца Камітэт дзяржкантролю.
Найбольш незаконных валютных аперацый – 30 – выяўлена ў Гродне.
Праз кантрольную закупку даказалі супрацьпраўную дзейнасць каля гасцініцы “Турыст” грамадзяніна К, які прадаў 5320 еўра па курсе 9400 рублёў за еўра.
З сабой грамадзянін меў 5070 долараў і 215 тысяч беларускіх рублёў.
Ягоны лёс вырашыць суд.
Увагу праваахоўных органаў у Гродне прыцягнула і грамадзянка А. Паводле праверкі яна абмяняла 2700 долараў ЗША на 18,1 мільён беларускіх рублёў (па 6700 за 1 долар). Валюта і ў гэтым выпадку канфіскавана, а матэрыялы перададзены ў суд.