Алег Гарошка: паміж “Нёманам” і “Дынама”
У панядзелак спартыўны дырэктар “Дынама” Ігар Матушкін паведаміў, што да аўторка 30 жніўня мусіць быць пастаўленая апошняя кропка ў перамовах паміж “Нёманам” і “Дынама” аб пераходзе да “зуброў” абаронцы Алега Гарошкі. Бо калі клубам не ўдасца дамовіцца, то няма сэнсу везці нёманаўскага гульца ў Данецк на турнір.
“Нёман” назваў канчатковы кошт пытання пераходу свайго гульца – сто тысяч даляраў, прапануючы выплаціць грошы клубу часткамі або нават спартыўнай амуніцыяй ці інвентаром для гродзенскай спартовай дзіцячай школы. “Дынама” палічыла кошт завышаным.
Па словах старшыні клубу “Нёман” Васіля Рудзько, ніякага канкрэтнага рашэння ад “Дынама” пакуль няма, піша goals.by:
– Нам прыйшоў ліст з “Дынама”, маўляў, трэнерскі склад лічыць, што Алег не зусім гатовы для каманды КХЛ. Мы ім адказалі, што калі Гарошка вам не падыходзіць, адпускайце назад, – распавёў Васіль Рудзько.
Учора на сайце “Дынама” з’явілася інфармацыя аб складзе каманды на турнір у Данецк, сярод якіх значыцца і Алег Гарошка. Гулец знаходзіцца на кантракце на пробны тэрмін у Мінску да 4 верасня. Васіль Рудзько мяркуе, што пасля яго Алег вернецца ў “Нёман”.
Здымак з goals.by