Гісторыя знішчанай архітэктуры: выстава ў галерэі “У майстра”

Выстава “Архітэктура Гродна. Незаменныя страты 19-20 стагоддзяў” змяшчае фота знішчанай архітэктурнай спадчыны Гродна, пачынаючы ад царскіх часоў і сканчаючы перыядам савецкай улады. Аўтары экспазіцыі – гісторык архітэктуры Ігар Трусаў і выдавец Аляксандр Рыжы – аб’ядналі здымкі ў тэматычныя стэнды, пад фота ёсць суправаджальныя надпісы і тлумачэнні. Напрыклад, адзін са стэндаў падае гісторыю старога будынка чыгуначнага вакзала, які знеслі ў 1986 годзе. Гродзенскі вакзал быў першым чыгуначным вакзалам у Беларусі.

 

 

На выставе ёсць таксама серыя здымкаў, прысвечаная Фары Вітаўта, дзе падаюцца рэдкія фота таго, што засталося пасля ўзрыву храма ленінградскай групай падрыўнікоў.

 

Як мяркуе Ігар Трусаў, найбольшых стратаў гродзенскай архітэктуры было ў выніку пажараў і ваенных дзеянняў. Другая прычына стратаў – рашэнні ўладаў пра знос ці перабудову будынкаў. У розныя часы гэтыя рашэнні абумоўліваліся рознымі абставінамі:

 

Царскія ўлады ў 19 ст былі даволі абмежаваныя ў такіх рашэннях, бо прыватная ўласнасць на зямлю ў тыя часы было рэччу непарушнай. Таму пэўныя крокі рабіліся толькі там, дзе была казённая зямля і казённыя будынкі. Напрыклад, пасля паўстання 1831-га году паступова перадаваліся каталіцкія манастыры. Тое самае тычыцца, напрыклад, кайзераўскага перыяду – штосьці пацярпела ад бамбардыроўкі ў першую сусветную. Але ў асноўным акупанты нямоцна ўмешваліся ў гарадское жыццё, бо не хацелі ламаць уклад, у тым ліку і юрыдычны. Тое самае тычыцца і 1920-1939 гадоў: зусім няшмат было рашэнняў чыста палітычных, якія прыводзілі да зносу ці моцнага скажэння нейкага помніка архітэктуры або цікавай гістарычнай забудовы.

 

У пасляваенным Гродне частка архітэктурных збудаванняў страцілася ад нямецкай артылерыі пры вызваленні горада ў 1944 годзе. Зямля ў 1939 годзе пачала належаць дзяржаве, прыватная ўласнасць на зямлю захавалася на ўскраінах горада, таму рашэнні прымаліся ў межах законаў той улады, у галодныя часы, таму пытанне пра аднаўленне чагосьці страчанага ў Гродне хутчэй за ўсё не стаяла, мяркуе Ігар Трусаў:

 

Наколькі я ведаю, увогуле рэстаўрацыяй і аднаўленнем пасля вайны займаліся толькі ў Кіеве ці Пецярбургу. У Гродне ж палітыка ўладаў была некалькі інакшай.

 

Галерэя “У майстра”, запускаючы праект, не абмежавалася выставай. Аўтары вернісажу плануюць зрабіць тэматычныя экскурсіі па выставе сярод навучэнцаў гродзенскіх школ і ўніверсітэтаў.

 

 

alt=”Image 16199″ >