Віталь Карповіч: Дайце мне шырокавугольны аб’ектыў і больш часу
Адметным ролік робіць тэхніка яго выканання Timelapse – пакадравыя здымкі ў руху.
Здымкі робяцца на фотакамеру, але пасля мантажу выглядаюць як відэа. Тэхніка ўжо набыла папулярнасць ва ўсім свеце, але беларускіх аўтараў такіх шэдэўраў адзінкі.
Аўтар відэа-візітоўкі Гродна – Віталь Карповіч (arixonix) – сёння студэнт трэцяга курсу Пецярбурскага ўніверсітэту кіно і тэлэбачання, які сам паходзіць з Гродна.
Мы задалі яму некалькі пытанняў.
Што значыць твой “нік” arixonix?
-Многія пытаюць. У школьныя гады я ўбачыў цацку з падобнай назвай і мне спадабалася.
Віталь, што цябе падштурхнула да ставарэння відэа-роліка пра Гродна?
-Мяне натхніў усім вядомы ролік з мінскімі таймлапсамі Арцёма Прадко (zweizwe), які я ўбачыў дзесяць месяцаў таму.
Але тады ў мяне яшчэ не было свайго фотаапарата.
Ці задаволены ты сам вынікам?
-Канешне, можна было зрабіць больш і лепш, калі б была тэхніка круцейшая і больш часу на наведванне Гродна.
Але парадавалі каментары кшталту “як ролік пра Менск” альбо “гэта лепшае пра Горадню”.
Чаму на відэа так мала гістарычных аб’ектаў горада?
-У старым горадзе вузкія вулачкі і з маёй тэхнікай падабрацца цяжка. Дайце мне шырокавугольны аб’ектыў, каб да іх падабрацца, і больш часу.
Колькі часу ў цябе занялі здымкі?
-Складана пралічыць, у суме каля дзесяці дзён.
Каб зняць тры секунды туманнага світанка даводзілася прачынацца вельмі рана або зусім не спаць.
Увогуле часта была праблема з сонцам, я сачыў за святлом і за тым, з якога боку ў які час сутак асветлены будынак.
Мантаж і апрацоўка ішлі паралельна здымкам.
Усё ў адно звёў я ўжо ў Пецярбурзе за палову ночы.
А як ты падбіраў музыку?
Музыку я слухаў падчас здымкаў.
Філ выдатны кампазітар, на яго творчасць я трапіў гэтым летам, і моцна на яго “падсеў”.
Спачатку хацелася чаго-небудзь сонечнага, але музыка Філа выйгравала эфектнасцю і рытмічнасцю.
Дарэчы, асобная падзяка Філу за тое, што пагадзіўся па маёй просьбе падрэдагаваць сваю музыку для гэтага відэа.
“Philip Zhybin, вядомы пад псеўданімам Phil Gloire” – выдае яго афіцыйная старонка.
Сам ён з Гродна. Больш пра яго я нічога сказаць не магу, бо мы знаёмыя толькі он-лайн і з зусім нядаўніх часоў.
Ці прапаноўвалі табе размясціць ролік на гродзенскім тэлебачанні?
-Так, з прапановай зрабіць яго трансляцыю на табло, якое стаіць на Савецкай плошчы.
Але гуку табло не мае, і давялося адмовіць з-за павагі да аўтара музыкі і сваіх намаганняў у яе падборы і мантажы.
Плануеце яшчэ рабіць ролікі? Можа ёсць ужо якія-небудзь ідэі?
Аб сваіх планах казаць глупа.
Пакуль у мяне вучоба ў Пецярбурзе.
Аб тым, што я збіраюся зрабіць, кажу толькі самым блізкім, бо можа не атрымацца, ці я перадумаю.
Астатнім лепш паказваць ужо гатовае.