“Гроднаграмадзянпраект” прапануе змяніць графік працы гродзенскіх прадпрыемстваў

|

З-за памылкі пры распрацоўцы схемы развіцця гарадскога транспарта і вулічнай сеткі горада, развіццё магістральнай сеткі Гродна значна адстае ад узроўня аўтамабілізацыі горада.

Ужо ў 2009 годзе колькасць аўтамабіляў у Гродне дасягнула паказчыкаў, запланаваных на 2020 год. Сёння на 1000 жыхароў у горадзе налічваецца 380 аўтамабіляў.

 

Каля 40% пасажыраў грамадскага транспарта – школьнікі і студэнты, таму, каб пазбегнуць затораў у ранішнюю гадзіну пік з 7.00 да 8.30 з 1 верасня некаторыя школы і факультэты ГрДзУ імя Янкі Купалы перанеслі пачатак заняткаў на 8.30.

Але праблему гэта не вырашае.

Працоўная камісія прапанавала змяніць час пачатку працоўнай змены на 33 гродзенскіх прадпрыемствах і арганізацыях, перанесшы пачатак працы на 7.00, 7.30, 8.30 альбо 9.00.

Гэтыя змены могуць закрануць каля 22 тысяч гродзенцаў.

 

На  тралейбусных маршрутах найбольш напружаны рух на кавалках:

№3 – БЛК– цэнтр занятасці,
№4 – гасцініца «Турыст» –«Белкард»
№10 – плошча Дзекабрыстаў –«Радыёхваля»
№11 – вуліца Брыкеля – цэнтр занятасці
№12 – гасцініца «Турыст» – Фарты.

Сярод аўтобусных маршрутаў асабліва перагружанымі лічацца №18, 16, 2, 15, 20, 24, 34, 4.

Заторы ўтвараюцца на пад’ездзе да чыгуначнага і аўтавакзала, тэатра лялек, цэнтра занятасці і на выездзе з спальных раёнаў.

 

Сярод прапановаў “Гроднаграмадзянпраекта” – рабіць пасажырскія маршруты транспарта карацейшымі, абсталяваць разваротныя пляцоўкі ў мікрараёнах, больш перасадачных пунктаў.

На вуліцах Ліможа-Белыя Росы неабходна ўсталяваць светлафоры, на пр.Кляцкова пабудаваць 2 надземных перахода, на перакрыжаванні пр.Янкі Купалы і Кляцкова – транспартную развязку.

Вялікія надзеі ўскладаюцца на паўднёва-заходняе (будзе ўведзена ў канцы года) і паўночна-усходняе (увод у сярэдзіне 2012 года) паўколы.

Ёсць прапановы вярнуцца да яшчэ савецкай практыкі завозіць будаўнічыя грузы на аб’екты ў вечаровы і начны час.

Інстытут настойвае пасля будаўніцтва кальцавых развязак і пуцеправодаў працягнуць пр. Будаўнікоў да маста па вул.Паповіча, пашырыць і выпрастаць вуліцу Каліноўскага, рэканструяваць вуліцу Дзяржынскага ад пл.Тызенгаўза па перакрыжавання з вул.Астроўскага з стварэннем парковак і стаянак.

Вуліца Ліможа патрабуе пашырэння да  4 палос  альбо працягу Курчатава ад Дзяржынскага да Ліможа.

Рэканструкцыі чакае вуліца Перамогі, вуліца Будзёнага. Пасля гэтага будзе вырашацца пытанне з працягам вуліцы Падгорнай да развязкі з Будзёнага і будаўніцтва дублёра вуліцы Вялікай Траецкай.

Паводле http://grodnonews.by
Фота з сайта http://kp.by