Сваякі расстраляных гродзенцаў атрымаюць пасведчанні аб іх смерці

|

Пра гэта каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэю Палуду паведамілі родныя асуджаных да пакарання смерцю.

Нагадаем, што Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка 14 мая 2010 года былі прысуджаныя да смяротнага пакарання праз расстрэл за злачынствы, здзейсненыя падчас узброенага нападу на кватэру ў Гродне ў кастрычніку 2009 года.

Абодва мужчыны былі прызнаныя вінаватымі ў наўмысным забойстве, разбоі, падпале, выкраданні непаўналетняга, крадзяжы і рабаўніцтве.

Дакладная дата выканання прысуду дагэтуль была невядомая.

25 ліпеня  2011 года маці аднаго з растраляных наведала мінскі следчы ізалятар № 1, дзе асуджаныя да смерці  ўтрымліваліся пад вартай.

Начальнік СІЗА пацвердзіў выкананне прысуду, жанчыне выдалі рэчы сына.

Відавочна, разам з Андрэем Бурдыкам быў пазбаўлены жыцця і Алег Грышкаўцоў, бо абодва былі асуджаныя ў межах адной крымінальнай справы.

Растрэл, меркавана, адбыўся ў перыяд  з 11 па 19 ліпеня.

 

Пасля вынясення прыгавору асуджаныя напісалі просьбу аб памілаванні на імя прэзідэнта, але атрымалі адмову.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прыгаворы.

Мараторый на смяротную кару з’яўляецца адной з асноўных умоў вяртання беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.