Гродна: футбол замест Народнага сходу
Як паведамляе Еўрарадыё, у бліжэйшых дварах стаялі аўтазакі.
А 13-й гадзіне сабралася каля 50 чалавек. Аднак нікога з аргкамітэту – ні старшыні Гродзенскай АГП Юрыя Істоміна, ні Дзмітрыя Бандарчука, ні сябра партыі “Справядлівы свет” Паўла Станеўскага – не было.
Праз паўгадзіны людзі разышліся.
Каардынатар Народнага сходу ў Гродне Юрый Істомін у гэты час знаходзіўся ў абласной пракуратуры.
Людзі ў цывільным сачылі за ім з самай раніцы, а каля 11 гадзін супрацоўнікі міліцыі правялі яго на гутарку ў пракуратуру.
Там Істоміна пратрымалі да 14.30.
Радыё Рацыя прыводзіць словы актывіста:
– Чалавек, які хацеў мяне апытаць, амаль гадзіну нічога не рабіў.
Потым прыехаў абласны пракурор Марозаў, пачаў задаваць пытанні пра Народны сход, напрыклад, якім заканадаўствам мы карысталіся.
Я так зразумеў, што яны проста непадрыхтаваныя былі па аналізу заканадаўства, таму што фактычна не ведалі, што гэта не масавае мерапрыемства, гэта Народны сход, які рэгулюецца адмысловым законам.
Запрасілі яшчэ кіраўніка стадыёна “Нёман”.
Апыталі яго, ці звяртаўся я да яго як арганізатар, ён сказаў што не і даў па гэтаму пытанню пісьмовыя тлумачэнні.
У Юрыя Істоміна ўзялі падпіску пра неўдзел у сходзе, які ўжо адбываўся і паведамілі, што будуць разглядаць прававы бок яго дзеянняў як арганізатара Народнага схода.
Рашэнне аб завядзенні адміністрацыйнай справы ці папярэджанн пракуратуры Істомін павінны атрымаць у бліжэйшы час.