“Гараднічанка” працягвае выступ у еўракубках
Абедзьве гульні папярэдняга раўнду гарадзенкі правялі ў Швайцарыі, куды дабіраліся на аўтобусе. Адмову ад правядзення адной з двух сустрэч супраць швайцарак на сваёй пляцоўцы кіраўніцтва клуба тлумачыла магчымымі праблемамі з набыццём неабходнай для арганізацыі сустрэчы валюты.
У сустрэчы з карэспандэнтам “Твайго стылю” галоўны трэнер клуба Сяргей Камбур агучыў яшчэ адну версію:
– Наша гульнёвая зала не адпавядае патрабаванням турніра такога ўзроўня. З-за гэтага можна было атрымаць штраф.
Дарога ў Швайцарыю заняла 30-ць гадзін. Каманда прыехала на дзень раней і паспела адпачыць. Насуперак песімістычным прагнозам, гарадзенкі адолелі “Бруль” у абудзьвух сустрэчах (36-30 і 27-24) і выйшлі ў трэці раўнд турніра.
На гэтай стадыі “Гараднічанцы” давядзецца згуляць з іспанскім клубам “Сагунта” з Валенсіі.
Дакладныя даты сустрэч каманд пакуль не вызначаныя. Папярэдне першая гульня можа адбыцца 5 ці 6 лістапада, а другая 12 ці 13 лістапада. Таксама яшчэ не вызначылася і месца правядзення гульняў.
Па словах Сяргея Камбура, ёсць верагоднасць, што гульні могуць адбыцца ў Гродна.
-Нам патрапіўся вельмі моцны супернік. У складзе каманды шмат дзяўчын, якія гуляюць за зборную Іспаніі. У свой час клуб выступаў у фінале Кубка ўладальнікаў Кубкаў ЕГФ – адзначае галоўны трэнер гарадзенак.
Кубак уладальнікаў Кубкаў ЕГФ з’яўляецца другім па значнасці турнірам сярод еўрапейскіх гандбольных клубаў пасля Лігі чэмпіёнаў.
Кубак Кубкаў, у якім бярэ ўдзел “Гараднічанка”, з’яўляецца трэцім па значнасці еўрапейскім клубным гандбольным турнірам.
>
На здымку: гандбалісткі “Гараднічанкі” на трэніроўцы
Фота аўтара