Забытыя жыхары Пярэселкі
Пры савецкай уладзе адну частку Пярэселкі знеслі і забудавалі шматпавярховымі дамамі. Другая ж частка захавала свае вясковыя рысы, заўважныя да гэтай пары.
Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ўжо амаль 40 гадоў таму ім забаранілі будавацца на сваіх участках, патлумачыўшы гэта тым, што “Будуць знасіць”. Час ляціць, але нічога пакуль не змяняецца.
Што думаюць жыхары Пярэселкі наконт свайго магчымага перасялення:
Якаб Іванавіч (76 год):
– О, каб хутчей ужо знеслі ўсё. Зямлю апрацоўваеш-апрацоўваеш, а тут нічога не расце. А плаціць трэба і за хату, і за зямлю.
>
Наталля Аляксандраўна (на здымку):
– Нам 40 год гавораць, што будуць знасіць. Дамавая кніжка перакрэслена, прапісацца сюды нельга. Вельмі дрэнна ўсё гэта робіцца. Людзі жывуць у 21 стагоддзі, у центры Гродна і ў такіх умовах!
Ні святла, ні вады, дарогі жудасныя. Зімой хутка цямнее. Як нашым дзецям да хаты вяртацца?
А ў весну такія дарогі, што па іх можна прайсці толькі ў гумовых ботах. Я за знос. Мы ужо стаміліся жыць у гэтым абсурдзе!
Інакш на сітуацыю з перасяленнем глядзяць маладыя людзі.
Максім:
– Я супраць зносу. Тыя, хто пабудавалі гэтыя дамы 50-60 годаў таму мелі на гэта права. І зараз дамы стаяць, чаму іх павінны знасіць? Я ўпэўнены, што праз 100 год раён будзе лічыцца гістарычнай каштоўнасцю.
Аляксей, сябар Максіма:
– Я цалка падтрымліваю пазіцыю Максіма. Як раён стаяў, так і павінен стаяць. Мне тут добра жыць.
Сяргей, гаспадар ладнай цаглянай хаты:
– Кепска я да зносу стаўлюся. Хто жадае перасяляцца, хай пярасяляюцца. А хто супраць, навошта іх знасіць? Паўсюль прыватны сектар захоўваецца, а ў нас, як заўсёды. Людзі ўсе жыццё гэтыя дамы будавалі. Вось у чалавека такі добры дом і з зямлёй, навошта яму кватэра. Глядзіце, палі вакол, хай там свае шматпавярхоўкі і будуюць.
Лёша (злева на здымку):
– Я засмучуся, калі хату знясуць. У мяне ёсць і на Дзевятоўцы хата, але мне больш тут жыць падабаецца. Тут я ўсё ведаю.
Тадэвуш, мясцовы жыхар:
– У мяне свой двор, свае дрэвы і кветкі. Усё тут пры мне. А ў гэтай шпакоўні дурной (Тадэвуш паказвае на распачатую будоўлю шматпавярхоўкі), як у інтэрнаце, я анічога не ўбачу, толькі крыкі, грукат і больш нічога.
Жыццё ў Пярэселцы сапраўды істотна адрозніваецца ад жыцця ў тыпова гарадскіх мікрараёнах.
Толькі чатыры гады таму з Пярэселкі спецаўтагаспадарка пачала забіраць смецце.
Дарогі застаюцца ў кепскім стане. Ваду даводзіцца браць з калонкі. Апроч таго, з надыходам халадоў жыхарам многіх дамоў даводзіцца штодня паліць печку.
Пакуль жа, як і 40 гадоў таму, улады канкрэтна ня могуць адказаць, што будзе далей з Пярэселкай і калі там могуць пачацца заўважныя перамены.
Фота аўтара