“Адданае сэрца” заклікае дапамагчы беспрытульным жывёлам

|

Валанцёры самастойна здзяйсняюць адлоў бадзялых катоў і сабак. Але, паколькі свайго памяшкання “Адданае сэрца” ня мае, то лячэнне, дагляд, прышчэпкі і стэрылізацыя жывёлаў выконваецца ў асабістых кватэрах валанцёраў арганізацыі.

 

Усё гэта яны робяць за ўласны кошт і за сродкі, атрыманыя дзякуючы дабрачынным унёскам гарадзенцаў. Потым адбываецца пошук гаспадароў для падабраных жывёлаў, адсочванне лёсу выратаваных выхаванцаў.

 

– Канешне, тое што мы робім – кропля ў моры праблемаў, – кажа старшыня Гарадзенскага грамадскага аб’яднання аховы жывёл “Адданае сэрца” Алена Шыманіца.

 

Вельмі дрэнна, што адсутнічае стацыянарнае памяшканне. Пастаянна сутыкаемся з неразуменнем людзей як да праблемы гуманнага стаўлення да беспрытульных жывёл, так і таго, што мы не заўсёды можам забеспечыць прытулак чацвераногім сябрам чалавека – скардзіцца жанчына.

 

У Гродна сапраўды няма спецыялізаванага прытулку для пакінутых жывёл.

 

Ёсць толькі пункт часовага ўтрымання па адрасе вул. Дамброўскага, 10, дзе адлоўленыя жывёлы знаходзяцца вызначаны дзяржавай тэрмін (5 дзён).

 

Калі гаспадар за гэты час не знаходзіцца (звесткі аб адлоўленых жывёлах, дарэчы, не распаўсюджваюцца) – іх забіваюць сродкамі паралізуючага дзеяння, якія забароненыя ў Еўропе.

 

На думку Алены Шыманіцы, наяўнасць і дапушчальнасць жорсткага абыходжання з жывымі істотамі спараджае адпаведныя адносіны ўнутры грамадства. Таму абаронцы правоў жывёлаў ускладваюць пэўныя надзеі на прыняццё новага закона “Аб абыходжанні з жывёламі”.

 

Адпаведны законапраект ужо распрацаваны і ў наступным годзе павінен патрапіць на разгляд парламенту.

 

Адна з адметнасцяў законапраекту – увядзенне крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Такі артыкул ужо прысутнічае ў заканадаўстве многіх краін.

 

“Адданаму сэрцу” патрабуюцца валанцёры, якія маюць магчымасць аказаць дапамогу пакінутым чацвераногім.

 

Таксама можна рабіць дабрачынныя ўнёскі на рахунак арганізацыі:

 

Гарадзенскае грамадскае аб’яднанне аховы жывёл “Адданае сэрдца”
УНП 590374138
р\р 3015117690011 у ВТБ-Банку, Беларусь
код 108

 

Фота http://www.kp.md