“Белыя росы” стануць самастойнымі і паедуць у Кітай
Адзіны спосаб падняць заробкі – рэгістрацыя ў якасці самастойнай юрыдычнай асобы.
У гэтым выпадку калектыў будзе ўтрымліваць сябе сам і не адлічваць сродкі ад кожнага канцэрта на ўтрыманне штата абласной філармоніі.
Цяпер заробкі наўпрост будуць залежыць ад колькасці канцэртаў.
Сітуацыя ў ансамблі стала крытычнай.
Аклад артыста другой катэгорыі ў “Белых росах” – 700-900 тысяч у месяц, распавяла Ежедневніку кіраўнік калектыву Вера Чычына.
Каб зарабіць на жыццё, артысты з’язджаюць хто куды: на Тайвань балетместэрам, танцаваць на круізных лайнерах, на працу ў будаўнічыя кампаніі і міліцыю.
З апошняга выпуску Гродзенскага коледжу мастацтваў у “Белыя росы” не прыйшоў ніводны артыст: выпускнікам больш выгодна ехаць працаваць на вёску ці ў раённы цэнтр. У Мастах, напрыклад, маладому спецыялісту прапаноўваюць адразу заробак ў 1,5 мільёны.
Для таго, каб падрыхтаваць праграму “Аконца на ўсход сонца” да 25-годдзя калектыву, патрэбна хаця б 14 танцавальных пар, для якіх не хапае шасці хлапцоў.
Значная частка маёмасці ансамбля не абнаўлялася з моманту заснавання.
Замены патрабуе апаратура, трэба ўкладаць грошы ў касцюмы.
Кіраўніцтва ансамблі звярнулася да абласных уладаў Гродна.
На сёння ёсць дамоўленасць аб выдзяленні з бюджэту вобласці сродкаў на набыцё новага аўтобуса, у наступным годзе 1 мільярд рублёў вобласць накіруе на набыццё апаратуры і музычных інструментаў.
Кіраўніцтва “Белых росаў” спадзяецца захаваць калектыў, музыканты і артысты чакаюць развіцця падзей.
18 лістапада ўжо свабодныя “Белыя росы” збіраюцца на месячныя гастролі ў Кітай.
Ансамбль песні, музыкі і танца “Белыя росы” створаны ў 1987 годзе.
У першым складзе былі артысты балета, музыкі і вакалісты з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы.
Калектыў даў больш за 2000 канцэртаў, выступаў у Гішпаніі (у 1998 годзе прызнаны мадрыдскай крытыкай лепшым гастралюючым ансамблем Еўропы), Францыі, Германіі, Швейцарыі, Кітаі, Сербіі і Чарнагорыі, Расіі.