“Будаваць АЭС у Беларусі проста неразумна”
Кнігу, прысвечаную 25-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пераклалі на расейскую мову і выдалі адначасова ў Кіеве ды Маскве. Усе раздзелы гэтай кнігі, кожны ў сваёй сферы, разглядаюць адзін з міфаў пра атамную энергетыку: таннасць атамнай энергіі, абсалютную бяспеку, праблемы распаўсюджвання атамных тэхналогіяў і пагрозу ператварэння пэўнымі рэжымамі мірных атамных тэхналогіяў у ваенныя. Таксама кніга разглядае пытанні ўплыву атамнай энергіі на навакольнае асяроддзе і на здароўе людзей, распавёў Кірыл Савін.
Аўтар кнігі «Міфы атамнай энергетыкі» Герд Розэнкранц мяркуе, што галоўны аргумент на карысць атамнай энергетыкі ў краіне – зніжэнне залежнасці ад расейскага газу – можа мець адваротныя наступствы. «Адна форма залежнасці змяняецца іншаю, не менш моцнаю. Бо будаўніцтва АЭС ажыццяўляецца расейскаю кампаніяй, акрамя таго, прыйдзецца імпартаваць уран, развязваць праблему канчатковага пахавання адкідаў. Кожнае палітычнае рашэнне можна перагледзець у залежнасці ад таго, хто стаіць пры ўладзе», – падкрэсліў Розэнкранц.
Кірыл Савін упэўнены, што казаць пра будаўніцтва АЭС у Беларусі яшчэ не позна. «Ёсць вялікая надзея, што канчатковае рашэнне пра крэдыт на будаўніцтва АЭС не будзе прынятае. Аргументы, прыведзеныя ў кнізе, могуць пераканаць калі не кіраўніцтва Беларусі, то хаця б грамадскасць», – адзначыў ён.
Прэзентацыя другога выдання кнігі Фонду імя Генрыха Бёля “Міфы атамнай энергетыкі” адбылася 7 лістапада ў Мінску.