“Аўгустоўскі канал”: гарналыжны курорт, SPA-цэнтры, аквапаркі і санаторыі

|

Падчас рэалізацыі праграмы плануецца распрацаваць генеральны план развіцця парка.

Будуць пабудаваны 4 прычалы, 4 месцы адпачынку, створана турыстычная арганізацыя і сайт парка.

 

Уся тэрыторыя будзе функцыянальна падзеленая на 4 зоны.

 

Зона сямейнага адпачынку і турызму зойме каля 1,9 тысяч га на ўчастку “Аўгустоўскі канал”.

Яна найбольш падыходзіць для сезоннага адпачынку з пешымі і воднымі паходамі, сплавамі на байдарках, аграэкатурызму.

 

Другая зона (Гожа, цэнтр Гродна, плошча каля 2,4 тыс.га) будзе прызначана для забаўляльнага адпачынку.

Тут мэтазгодна будаўніцтва гатэляў, забаўляльных комплексаў.

Стваральнікі праграмы мэтазгодным лічаць будаўніцтва буйнога комплекса з этнаграфічнай вёскай, рэстаранам і гатэлем, аквапаркам у раёне в.Лукавіца.

 

Трэцяя зона – в.Прывалка, раён г.п. Сапоцкі, в.Свяцк, Пышкі – агульнай плошчай каля 1,1 тыс.га.

Наяўнасць  мінеральных крыніц  павінна спрыяць будаўніцтву тут аквапаркаў, SPA-цэнтраў і санаторыяў.

Сектар “Сапоцкін” плануецца развіваць у кірунку стварэння гарналыжнага курорта, які будзе працаваць круглы год.

 

Палацава-паркавы комплекс “Свяцк” плануецца рэканструяваць і часткова рэстаўраваць маёнтак пад шматфункцыянальны аздараўленчы цэнтр.

 

Для зручнасці турыстаў на тэрыторыі парка “Аўгустоўскі канал” запланавана будаўніцтва аўтастаянкі на 700 аўто ў сектары “Сапоцкін”, стаянкі каля шлюзаў “Дамброўка” і “Нямнова”, прычалаў уздоўж Нёмана і Аўгустоўскага канала.

Сума выдаткаў на рэалізацыю запланаваных праграмай мерапрыемстваў – 8845 мільёнаў беларускіх рублёў.

Рэспубліканскі бюджэт вылучыць 2800 мільёнаў, 5955 мільёнаў – СЭЗ “Гроднаінвест”.

Акрамя таго сродкі будуць вылучацца па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме, а для буйных інвестараў прадугледжаны льготы.

Стварэнне парка “Аўгустоўскі канал” – пілотны праект.

На яго прыкладзе  будуць адпрацаваны прававыя механізмы ўдзелу інвестараў у стварэнні аб’ектаў турыстычнай індустрыі.

Фота з сайта http://belarus-travel.by