Ці дапамагае ДНК амаладжвацца
Вытворцы пазіцыяніруюць яе як касметыку новага пакалення.
“Раслінная ДНК – багацейшая прыродная малекула.
Яна аднаўляе эластычнасць скуры, зніжае трансэпідэрмальную страту вадкасці, абараняе пашкоджаную скуру ад дзеяння свабодных радыкалаў, папярэджвае дэградацыю калагена і эластына ў скуры (…) спрыяе умацаванню дэрмальнага слою скуры, аднаўляе яе эластычнасць. Абараняе скуру ад знешніх агрэсіўных уздзеянняў (…) умацоўвае лукавіцы валасоў, папярэджвае выпадзенне” – запэўніваюць вытворцы на сваёй інтэрнэт-старонцы.
Як паведамілі “Твайму стылю” спецыялісты лабараторыі выпрабаванняў “Беліта”, дадзены кампанент шырока выкарыстоўваецца ва ўсім свеце, у прыватнасці, вядучымі фірмамі Захаду – такімі, як Nivea ды L’oreal.
align=”left” alt=”Image 17985″ >- Раслінная ДНК ратуе, аднаўляе натуральныя сілы – падкрэслілі спецыялісты “Беліты” і запэўнілі, што ДНК “ўздейнічае на пэўныя кропкі, дапамагае скуры ўзгадаць свой генетычны код і тое, чым яна павінна займацца” .
За больш падрабязнай інфармацыяй пра касметычны цуд мы звярнуліся ў навукова-каардынацыйны цэнтр “Беліта-Вітэкс”.
– Дадзены кампанент мы набылі ў Францыі, дзе раслінную ДНК – нуклеінавую кіслату – атрымалі з зародышаў пшаніцы – паведаміла навуковая супрацоўніца цэнтра Людзміла Калацкая.
– Яго эфектыўнасць пацверджана доказнай базай.
Потым гэтая раслінная ДНК дадаецца ў склад крэму, і ён пачынае абараняць ад старэння, прымае на сябе першы ўдар пры ўздзеяннях неспрыяльных фактараў – распавяла яна.
Аднак, на просьбу падрабязней растлумачыць механізм абароны і засцярогі, спадарыня Людміла адаслала нас да спецыяльнай літаратуры.
Затое на тэму “цудоўных уласцівасцяў” расліннай ДНК пагадзілася паразважаць у размове з “Тваім стылем” магістр біялагічных навук Вольга Плытнік.
– Жывільнымі уласцівасцямі ДНК (дэзоксірыбануклеінавая кіслата) не валодае – катэгарычна зазначыла незалежны эксперт, падкрэсліваючы, што ДНК не з’яўляюцца ані вітамінамі, ані папярэднікамі вітамінаў, ані нават пажыўным рэчывам.
– Яна мае зусім іншае прызначэнне – у яе малекулах у выглядзе генаў зашыфраваная інфармацыя пра арганізм, згодна якой ён развіваецца і функцыянуе – нагадала спецыяліст і задала рытарычнае пытанне: – Якім чынам адны з самых буйных біялагічных малекул – як па даўжыні, так і па вазе – здольны кудысці пранікнуць?
Паводле Вольгі Плытнік гены ні ад якіх уздеянняў нікога абараніць не могуць.
– Наадварот, яны самі маюць патрэбу у абароне – падкрэслівае вучоная, нагадваючы, што кожны арганізм актыўна супрацьстаіць і не дапускае пранікнення іншароднай ДНК у свой склад.
– Уявіце сабе – у што ператварыўся б чалавек, калі б гены якой-небудзь бактэрыі ці той жа расліны ўключаліся ў склад яго асабістых?
Мутант нейкі атрымаўся б! – не хавае ўсмешкі магістр біялогіі.
Вучоная прызнае аднак, што перамяшчэнне генаў ад аднаго арганізма ў другі (так званая генная мадыфікацыя) магчымая, але праводзіцца яна штучна – з пэўнымі для чалавека мэтамі і мае дачыненне да асобнага напрамку біялогіі – геннай інжынерыі.
– Гэта вельмі працаёмкія рэчы, якія патрабуюць значных матэрыяльных выдаткаў – падкрэслівае Вольга Плытнік.
“Мы адкрываем сакрэты прыроды, каб Ваша скура ззяла здароўем!” – такі слоган на сайце “Беліты” рэкламуе серыю “Раслінная ДНК”, у якую ўваходзяць шампуні, бальзамы, крэмы, маскі, пілінгі і г.д., пасля размовы з незалежным экспертам выглядае як здзек са здаровага сэнсу.
Застаецца толькі здагадвацца, чаму годнае Нобелеўскай прэміі “адкрыццё сакрэтаў прыроды” дагэтуль незаўважанае сусветнай навуковай супольнасцю.