Апраўданы падпалкоўнік Сяргей Руднік – фігурант па справе генерала Генадзя Хацько

|

Падпалкоўнік абвінавачваўся па ч.3 арт.424 крымінальнага кодэксу Бэларусі (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў для яго 3 гады турмы.

 

Следства над былым намеснікам начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама па гаспадарчай частцы пачалося вясной  мінулага году, суд цягнуўся амаль паўгады.

Ягоная справа была звязаная з расследваннем у дачыненні былога начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама генерала Генадзя Хацько.

 

У жніўні генерала, які раскаяўся і вярнуў 30 мільёнаў незаконна выкарыстаных на будаўніцтва катэджа казённых сродкаў, памілаваў прэзідэнт (кошт усяго дома генерала мінулым летам реэлтары ацэньвалі ў 200 тысяч долараў).

Негледзячы на гэта, падначалены генерала Сяргей Руднік да апошняга часу заставаўся на лаве падсудных.

Абвінавачванне настойвала на тым, што падпалкоўнік дапамагаў свайму шэфу будаваць дом, выкарыстоўваючы міліцэйскую базу, а за гэта атрымліваў прэміі.

 

Суд цягнуў з судовым рашэннем.

Узнік юрыдычны парадокс – генерала, які аддаваў загады, вызвалілі ад крымінальнай адказнасці, а Сяргей Руднік, які выконваў гэтыя загады, стаў абвінавачаным.

 

Абарона настойвала на поўным апраўданні былога міліцыянта.

 

Справа генерала Хацько спарадзіла шмат скандалальных гісторый і юрыдычных парадоксаў.

У лютым мінулага года, калі супраць генерала была распачатая крымінальная справа, Генадзь Хацько знік, а ягоная жонка напісала заяву аб знікненні мужа.

 

Пакуль генерала шукала ўся беларуская міліцыя, яго былога намесніка ўзялі пад варту.

Каля трох месяцаў Сяргей Руднік правёў у следчым ізалятары, пакуль не быў адпушчаны пад падпіску.

 

5 лістапада Генадзь Хацько сам з’явіўся ў пракурора Гродзенскай вобласці.

Ён прызнаўся, што ўвесь гэты час хаваўся ў Расіі.

Генерал атрымаў памілаванне ў сувязі з дзейсным раскаяннем і пакрыццём прычыненай шкоды.

 

Высветлілася, што Генадзь Хадзько  знік за 2 дні да пачатку  крымінальнага пераследу, а значыць не вінаваты ў ад’ездзе.

Выдаткі на яго пошукі па ўсёй Беларусі ніхто не падлічваў.

Больш за тое, нягледзячы на звальненне ўказам прэзідэнта за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць званне супрацоўніка органаў унутраных спраў, сёння ён атрымлівае генеральскую пенсію.

 

А вось апраўдальным прысудам у дачыненні Мяргея Рудніка дзяржаўны абвінаваўца застаўся незадаволены.

Пракуратура настойвае на паўторным разглядзе справы.