Партнёрскія роды: выпрабаванне для смелых татаў
Нямногія мужчыны гатовыя дапамагаць сваім цяжарным жонкам падчас родаў. Яны лічаць, што гэта выключна жаночая справа. Аднак знаходзяцца тыя смельчакі, якія гатовыя падтрымаць сваю каханую ў такі цяжкі час, як цяжарнасць і роды.
Алена Карась – урач-тэрапеўт жаночай кансультацыі №2, якая чатыры гады праводзіць заняткі для тых пар, якія вырашылі нараджаць разам. За гэты час на месяц прыходзіла ў сярэднім 3-4 пары. Некаторыя прыходзяць у другі ці нават трэці раз. Сп. Алена распавяла, як адбываецца працэс падрыхтоўкі да партнёрскіх родаў.
align=”left” alt=”Image 18264″ width=”337″ height=”444″ >- З чаго складаецца курс падрыхтоўкі пары да партнёрскіх родаў?
– Праграма складаецца з пяці заняткаў, – гаворыць Алена Генадзьеўна і паказвае вялікую чырвоную папку з ілюстрацыямі. – Але здараеца, бацькі даволі доўга вырашаюць, прыходзяць на позніх тэрмінах цяжарнасці – на 37-38 тыдні. Тады яны не паспяваюць прайсці ўсе заняткі, таму мы ім прапануем наведаць мінімум два. Акрамя нашай кансультацыі падобныя курсы ёсць ў шпіталі хуткай дапамогі і ў абласной радзільні. Кожная пара пасля сканчэння курсаў атрымлівае адпаведны сертыфікат. Ён з’яўляецца пасведчаннем аб навучанні і неабходны, каб потым бацьку дазволілі прысутнічаць пры родах.
– Як звычайна ставяцца вашыя калегі да ідэі партнёрскіх родаў?
– Звычайна негатыўна. Наогул, большасць людзей, з якімі я размаўляла, не падтрымліваюць гэтую ідэю. Урачам, як яны кажуць, бацькі падчас родаў толькі перашкаджаюць.
– Чаму некаторыя жанчыны вырашаюць узяць с сабой партнёра?
– Некаторыя кажуць: “Я без мужа зусім нікуды!” Некаторыя спадзяюцца, што калі муж убачыць, як ім цяжка, то будзе больш спачуваць.
– Каго яшчэ, акрамя бацькі, вы рыхтавалі ў якаcці партнёра?
– Некалькі разоў на народзінах прысутнічала сястра, мама ці свякроў. Але ў большасці выпадкаў гэта ўсё ж такі муж. Здзіўляе тое, што нават маці не заўсёды гатовая падтрымаць сваю дачку, бо, як яны кажуць, “у мамы слабыя нервы”.
– Як мужчына можа дапамагчы жанчыне яшчэ да пачатку родаў?
– Ён можа сачыць, каб яна вучылася правільна дыхаць, не ленавалася і рабіла зарадку. Займацца выхаваннем дзіцяці трэба пачынаць таксама яшчэ да народзінаў. Гэта называецца прэнатальнае выхаванне – цяжарная жанчына слухае спецыяльную музыку ці глядзіць пэўныя праграмы па тэлэвізары, і гэта спрыяе развіццю дзіцяці.
– Што трэба зрабіць тым парам, якія ўжо вырашылі нараджаць разам?
– Бацьку трэба мець даведку ад тэрапеўта і вынікі флюараграфіі. Трэба наведваць курсы па падрыхтоўцы і мець сертыфікат. Таксама трэба ў радзільні аплаціць асабістую перадродавую залу, асабістую радзільную палату і спецыяльнае адзенне для мужа, плюс дадатковыя паслугі ўрача.
– У інтэрнэце можна знайсці інфармацыю статыстаў, якія сцвярджаюць, што ў тых параў, якія нараджалі разам, большы працэнт разводаў. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Менавіта наконт разводаў цяжка сказаць. Канешне, я папярэджваю пра магчымасць негатыўных наступстваў – палавыя парушэнні, стрэс. На ўсялякі выпадак я раю, каб бацька не ўваходзіў у радзільную залу. Але ў асноўным, калі яны ўжо вырашылі, то застаюцца са сваёй жонкай да апошняга. І трэба сказаць, ужо пасля ўсе пары вельмі шчаслівыя. Звычайна толькі цікавыя і неардынарныя пары пагаджаюцца на такое. Негатыўныя наступствы могуць быць ў тых, хто быў непадрыхтаваны і пайшоў, не разумеючы, што яго чакае.
Самі жанчыны таксама па-рознаму ставяцца да ідэі партнёрскіх родаў. Вось якія меркаванні можна пачуць:
Ірына: Я абсалютна нармальна стаўлюся да такой ідэі. Але калісьці мой муж адмовіўся. Ён баяўся, ды і многія мужчыны баяцца. Некаторыя нават губляюць прытомнасць.
Наталля: Калі муж прысутнічае пры родах, то ў яго зусім іншыя адносіны да жонкі. У мяне ёсць ужо дарослы сын. Калі яго жонка будзе нараджаць, я буду заахвочваць яго прысутнічаць пры родах.
Вольга: Я супраць. Калі мужчына ўбачыць, як гэта балюча, то можа нават пачаць дрэнна ставіцца да дзіцяці. Гэта толькі жаночая справа.
Жанна: У мяне ўжо ёсць дзіця, я ведаю, што такое роды. Гэта цяжкае відовішча, і мужчыне там няма чаго рабіць. Ён можа дапамагаць толькі на самым пачатковым этапе, не больш.
Кацярына: Я б не пагадзілася. Гэта занадта вялікі стрэс для мужчыны.
А як да ідэі сумесных родаў ставяцца мужчыны?
– Можа быць, у мяне і састарэлыя погляды, але я лічу, што гэта інтымная справа. У мяне двое дзяцей, у свой час я проста стаяў пад вокнамі і чакаў.
– Я бы не пагадзіўся прысутнічаць. Я не ўпэўнены, што вытрымаў бы.
Ганна и Дзіма яшчэ вырашаюць, ці нараджаць разам. Таму пакуль толькі вырашылі наведваць заняткі па падрыхтоўцы.
– Гэта мая ініцыятыва, мне страшна адной, – гаворыць Ганна. – Але і падчас цяжарнасці муж можа дапамагаць мне. Каб даведацца больш, мы вырашылі наведваць курсы.
– Я пакуль дакладна не ўпэўнены, ці буду прысутнічаць на саміх родах, – кажа Дзіма. – Думаю, не вельмі камфортна буду адчуваць сябе ў такіх абставінах.
А вось Сяргей і Лена ўжо двойчы нараджалі разам. Зараз яны чакаюць ужо трэцяе дзіця, Сяргей кажа, што абавязкова будзе прысутнічаць на родах.
Сяргей: – Калі мы чакалі наша першае дзіця, мы цікавіліся, чым харчавацца будучай маці, што трэба набыць загадзя, а таксама, як адбываюцца самі роды. З некаторых замежных часопісаў мы даведаліся пра традыцыйныя партнёрскія роды за мяжой, і калі зразумелі, што на Беларусі гэта таксама магчыма, то вырашылі паспрабаваць. Мне хацелася быць з маёй каханай падчас гэтага цяжкага этапа яе жыцця і ўбачыць таго, каго мы так доўга чакалі. У мяне не было страху, я падтрымліваў жонку і маральна, і фізічна. Дагэтуль мы разам прачыталі шмат кніг і часопісаў, наведвалі курсы.
Лена: – Спачатку я адчувала сябе неяк няёмка. Але падчас родаў прысутнасць мужа была для мяне вялікай падтрымкай. Таксама гэта адбілася і на адносінах да мяне медперсанала. Яшчэ сумесныя роды больш зблізілі нашу сям’ю.
– Што вы можаце параіць тым парам, якія толькі вырашаюць, ці нараджаць разам?
– Многае, канешне, залежыць ад традыцый, культуры і выхавання ў сям’і. Але калі вы давяраеце адзін аднаму і можаце разлічваць на падтрымку мужа, то партнёрскія роды будуць вельмі важнай падзеяй для абодвух. Галоўнае, каб жаданне нараджаць разам было ўзаемным.
Галоўны на здымак – www.roditelstvo.info