Бэтлеемскі агонь прыбыў у Гродна
Далей Бэтлеемскі агонь павезлі ў іншыя гарады Беларусі. Таксама на ўрачыстасць прыбылі скауты з Расіі – Масквы і Ніжняга Ноўгарада, якія павязлі святло з Бэтлеему ў праваслаўныя і каталіцкія храмы Расіі.
alt=”Image 18269″ >
Як распавядае старшыня грамадскага аб’яднання “Харцэрства” Марына, на ўрачыстасць прыехалі харцэры з розных гарадоў Беларусі:
– Большасць маладзёнаў прыехала з Гродзеншчыны. Але ёсць таксама з Брэста, Баранавіч, Барысава, Віцебска. Падстаў для радаснай сустрэчы шмат: радасць у вачах дзяцей ад таго, што ўнеслі Бэтлеемскі агонь у храм, што звычайныя гродзенцы маюць магчымасць ўзяць дахаты часцінку святога Бэтлеемскага агню. Зараз харцэры бяруць гэты агеньчык у лампадкі, каб адвезці яго з сабой у іншыя храмы, бальніцы, самотным людзям, у дзіцячыя дамы, сацыяльныя прытулкі – туды, дзе асабліва не хапае душэўнага цяпла і святла. А Бэтлеемскі агонь – гэта сімвал сардэчнага цяпла, радасці і неабыякавасці.
На ўрачыстае богаслужэнне прыйшлі шматлікія вернікі.
– Мы прыходзім за агеньчыкам сюды кожны год і часта робім гэта ўсёй сям’ёй, толькі сёння я адна, бо муж на працы. У мінулым годзе людзей было нават больш, чым цяпер, былі госці з іншых краін, з Ленінграда, напрыклад, – распавяла адна з жанчын.
Яшчэ адна жанчына сталага веку: – Мы прыйшлі сюды, каб узяць агонь з Бэтлеема, каб у хаце быў супакой і каб шчасліва жылі дзеці і ўнукі.
Былі не толькі гродзенскія вернікі: – Мы прыехалі да вас на навуковую канферэнцыю з Санкт-Пецярбургу, самі – навукоўцы. Але будучы праваслаўнымі вернікамі, зайшлі ў касцёл, каб паглядзець на Святы агонь. Лічым, што вера ў Госпада Бога не толькі ніяк не перашкаджае навуковым даследаванням, а нават дапамагае ім.
Штогод аўстрыйскія скауты бяруць агонь у месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаслай лампадкі ў базіліцы Раства Хрыстова ў Віфлееме і дастаўляюць яго на самалёце ў Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцей у кафедральным саборы ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны.
Здымкі Алесі Бяленік