Сеанс гіпнозу ад Пятра Клюева

|

 

Публіка ў Пятра Клюева, як і ў Змітра Вайцюшкевіча – 30+. Большасць выканаўца запрасіў прыватна. Пасля доўгіх вандраванняў па Еўропе ён вырашыў вярнуцца на Радзіму і будаваць сваю музычную кар’еру тут, так што гэты канцэрт разглядаўся як першая спроба заявіць пра сябе ў беларускай сталіцы.

 

Пятру дапамагалі шыкоўныя музыкі, якіх можна пабачыць у складзе такіх каманд, як Naka, Vinsent, Botanic project. Пасля невялічкага інструментальнага ўступу выканаўца выйшаў на сцэну і даў бадзёрага ангельскамоўнага року. Выглядаў ён досыць упэўнена, без відавочных прыкметаў хвалявання. Павітаўся з гледачамі адразу на чатырох мовах: акрамя беларускай прамовіў па-ангельску, па-польску і па-італьянску, адмыслова для прадстаўнікоў дыпламатычных місій, што былі ў зале.

 

 

Візітоўка Клюева на сёння – балада “Каханне”, на якую яшчэ тры гады таму быў зняты кліп. Менавіта гэта відэа і аздобіла жывое выкананне нумару, прадстаўленага як “босанова па-беларуску”.

 

Уласна, чаго чакаць ад Клюева падчас канцэрту, сказаць немагчыма. Яго насіла па краінах і кантынентах, мовах і стылях. Пятро сядаў за клавішы, каб выканаць беларускамоўны кавер на Coldplay “пра тое, якія розныя на свеце людзі”. Потым вяртаўся на сваё месца па цэнтру сцэны ды прымаў позу рок-героя з мікрафонам, каб выканаць “колдплэеўскую” Yellow па-руску, а затым ужо зусім нечакана прапаноўваў згадаць “стары савецкі рок” ды заводзіў “Нам с тобой выпало летать”… І, што дзіўна, падтрымлівалі гледачы гэта ўсё з аднолькавай прыязнасцю.

 

 

Урэшце Клюеў даў свой рэцэпт, як “Быць чалавекам” (так называецца альбом, выхад якога анансуе выканаўца): “Трэба як мінімум паважаць родных і блізкіх, лепей любіць, але гэта бывае сапраўды складана. А яшчэ рабіць сваю працу з радасцю”, – заявіў ён і запрасіў на сцэну госця вечара – Аляксандра Патліса, з якім яго звязвае двухгадовае сяброўства. Колішні лідар “Новага Ерусаліму” ў сваім стылі павіншаваў усіх з надыходам Раства ды даў майстар-клас, цудоўна праспяваўшы “Мегаполіс”.

 

 

Скончыць свой першы сольнік у Мінску Клюеў вырашыў пранікнёным акустычным выкананнем гімна “Магутны Божа”.