Каталіцкая моладзь Гродна рыхтуецца да Раства
Наша карэспандэнтка наведала моладзевую сустрэчу ў Бернардынскім касцёле, каб высветліць, як ідзе падрыхтоўка да свята.
– Раство нясе людзям напамін аб тым, што Бог прыняў чалавечае цела, каб паказаць дарогу, па якой трэба ісці да святасці. І ў сувязі з гэтым людзі павінны памятаць, што кожная іх думка і ўчынак мусяць быць прасякнуты гэтым – нагадаў у размове з “Тваім стылем” духоўны апякун моладзі святар Антон.
Сустрэчы маладых людзей ладзяцца пры касцёле раз на тыдзень пасля імшы. Іх удзельнікі атрымліваюць магчымасць атрымаць адказы на пытанні, датычныя выбару жыццёвага шляху, сэнсу жыцця, паводзін.
– Вера – гэта маяк, які не дасць збіцца са шляху ў моры негатыўнага ўздзеяння тэлебачання, інтэрнэту ды іншых разбуральных з’яваў сучаснага жыцця, – упэўнены Пётр, удзельнік сустрэч.
Па словах моладзі, паколькі Раство – галоўнае сямейнае свята, то вельмі хочацца, каб яго адчулі таксама тыя, хто сям’і не мае.
Таму некалькі год запар моладдзю Бернардынскага касцёла ладзяцца зборы грашовых сродкаў і перадача іх дзіцячым інтэрнатам. Акрамя гэтага, моладзь рыхтуе падарункі і распрацоўвае забаўляльную праграму, з якой выступае перад дзецьмі.
Сёлета выступленне ладзіцца для дзетак псіханеўралагічнага дыспансэра.
– Вось мы жывем шчасліва і добра, але жыць толькі для сябе – нельга. Гэта проста наш абавязак – падзяліцца сваім шчасцем, аказаць дапамогу таму, хто яе патрабуе! – тлумачыць сэнс свайго ўдзелу ў праекце Насця.
А яе сяброўка Вераніка дадае: – Ад гэтага ж ні ў якім разе не збяднееш! Затое, калі надаецца падараваць каму-небудзь радасць, робішся больш шчаслівым.
На развітанне святар Антон выказаў пажаданне, каб усе памяталі, што любы чалавек – такі ж самы, як і ты.
– Наказ Бога – любоў сэрца і розуму. Дзяліцеся, бясконца дзяліцеся сваёй любоўю са сваімі роднымі, знаёмымі і незнаёмымі, з тымі, хто яе не мае! Неадступна кіруйцеся ёю ў сваіх учынках! – заклікаў святар і працытаваў святога Якуба, які казаў: “Вера без учынкаў – гэта мёртвая вера!”
Фота Веранікі Тульевай