Каляда. Да вытокаў беларускіх традыцый

| Без катэгорыі

– Адраджэнне і папулярызацыя беларускай традыцыі калядавання, захаванне элементаў дахрысціянскай абрадавасці, услаўленне свята ды магчымасць данесці яго людзям, – так акрэсліў асноўныя мэты мерапрыемства адзін з ініцыятараў сёлетніх калядаванняў Юры Седзянеўскі. І дадаў, што гэта яшчэ і магчымасць самім атрымаць задавальненне, а таксама пазнаёміцца з новымі людзьмі.

 

Праграма распачыналася з вітання гаспадароў і суправаджалася каляднымі спевамі, што зычылі ім здароўя, кахання, дабрабыту ды ўслаўлялі Раство Хрыстова.

З глыбокай даўніны існуе павер’е, што калі ў хату завітаюць калядоўшчыкі і выканаюць увесь рытуал – то сям’ю не абмінуць згода, дастатак і мір.

 

Апранутыя ў святочныя касцюмы калядоўшчыкі трымалі Калядную Зорку – у памяць аб зорцы, што запалілася на небе, калі нарадзіўся Збаўца.

Праз колькі часу з натоўпу выходзіла каза і… пачынала танцаваць:

 

Го-го-го каза, го-го-го шэра,

Дзе яна хадзіць – там жыта радзіць.

Дзе каза хвастом -там жыта кустом.

Дзе каза нагой – там жыта капой

Дзе каза рагом – там жыта стагом.

Дзе яна бывае – шчасціе вітае!

 

Але пад канец песні каза неўзабаве “памірала”.

У старадаўняй славянскай міфалогіі “каза” – сімвал ураджайнасці, дабрабыту і здароўя. Лічылася, што куды б яна не зазірнула, ці дакранулася – прыбудзе ў Новым Годзе ўсялякіх прыпасаў. Беларусы верылі, што валодала яна і лекавымі ўласцівасцямі – да каго дакранецца, каго “бадне”, “ударыць” – мець таму багатырскае здароўе!

 

 

Смерць казы сімвалізавала сканчэнне старога года, ў якім пажадана было пакінуць усе сямейныя міжусобіцы, хваробы, крыўды. Ажыўленне ж казы – сімвал пачатку новага года, новага жыцця. А ажыўлялася каза з дапамогай пачастункаў, да якіх гаспадары заахвочваліся рознымі цікавымі “прасілкамі”:

 

 


Караценькі кажушок – дайце мне на піражок!
Калядзін, калядзін – я ў бацькі адзін…

Каб шчокі былі гладкі – частуйце нас аладкай!

Каб было ўсяго ў дастатку – даставайце шакаладку!

Век жывіце без ангіны – нам падайце мандарынаў!

 

 

Кожная сям’я, да якой завітвала Каляда, адорвалася каляднымі анёлкамі, якія зрабіла моладзь падчас падрыхтоўкі да калядаванняў.

Дзеля большай цікавасці ў праграме былі прадугледжаны і персанажы, не характэрныя для аўтэнтычнай традыцыі. Напрыклад – вучоны мішка, які здольны, па словах калядоўшчыкаў, “і спяваць, і танцаваць, маладых і старых забаўляць!”.

A гасцінным гаспадарам цыганкі варажылі наступнае:

 

– Будзеш жыць ты доўга-доўга,

З тэлевізарам і “Вольва”!

Будзе муж у цябе багаты,

Будзе несці ўсё ў хату.

А у нядзелі і ў суботы

Будзеш ездзіць на курорты!

“Каб не ведалі вы злосці, каб жылі ў весялосці! Усім – ад краю і да краю – шчасця і дабра жадаем!” – дзякавалі напрыканцы праграмы калядоўшчыкі гаспадарам і з развітальнай песняй пакідалі хату.

 

Чым для вас з’яўляецца дадзенае свята? – запытаўся “Твой Стыль” у сям’і Думчаў-Камягіных, якую наведалі калядоўшчыкі.

 

– Для нашай сям’і дадзенае свята, падчас якога ўсе збіраюцца разам, звязана са спадзяваннямі на спраўджванне надзей, а таксама – як залог згоды і дабрабыту. Імкнемся кожны год азначаць яго менавіта вось так, па традыцыйнаму. Раім і іншым сем’ям паспрабаваць прасякнуцца ўсёй прыгажосцю беларускіх калядаванняў!

 

А ў самой моладзі пацікавіліся пра сэнс удзелу ў мерапрыемстве:

 

– Гэта выдатная магчымасць “дакрануца” да вытокаў беларускіх традыцый, адчуць подых сівой даўніны, ды паспрабаваць зразумець, як жылі і чым жылі нашы продкі, адкуль мы – тыя, хто БЕЛАРУСАМІ завецца! – пачулі ў адказ.

 

Арганізатары абяцалі, што будуць калядаваць таксама на праваслаўнае Раство, 7 студзеня.

 

Аўтар здымкаў Хрысціна Марчук