«Адданае сэрца» супраць!

Адлоў безнаглядных жывёл рэгулюецца Палажэннем «Аб парадку дзейнасці арганізацый па адлову, адстрэлу, утрыманню і эўтаназіі безнаглядных жывёл», якое зацверджана Пастанаўленнем № 23 Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 29 снежня 2001 г. Аднак, як пішуць аўтары звароту, у нашым горадзе назіраецца мноства парушэнняў літаральна кожнага пункту дадзенага Палажэння.

 

«Адданае сэрца» прыводзіць прыклады парушэнняў, спасылаючыся на пісьмовыя звароты грамадзян, якія пацярпелі ад учынкаў супрацоўнікаў прадпрыемства «Спецаўтагаспадарка». Паводле гэтых сведчанняў, у Гродна адлоў жывёл праводзіцца без спецыяльнага адзення альбо іншых апазнавальных знакаў. Акрамя таго, насуперак Палажэнню міністэрства, брыгады адлову завышаюць дозу абязрухваючага сродку, што выклікае ў жывёлаў сударагі, канвульсіі і пакутную смерць ад удушша.

 

«Людзям, што прысутнічаюць ў грамадскіх месцах нашага горада, даводзіцца назіраць жорсткія забойствы жывёл. Бачаць гэта і дзеці, што, несумненна, траўміруе іх псіхіку і спараджае потым адпаведныя адносіны ўнутры грамадства», – гаворыцца ў звароце. Парушаецца таксама і пункт Палажэння, які абавязвае прыкладаць намаганні да пошуку гаспадароў адлоўленым жывёлам: абвесткі не вырабляюцца, а многія жыхары горада нават і не ведаюць, дзе знаходзіцца пункт часовага утрымання жывёлаў. Не прадаўстаўляе ГДзУВП «Спецаўтагаспадарка» таксама статыстыку па колькасці адлоўленых жывёл. Дадзенымі звесткамі быццам бы разгалошваецца… камерцыйныя таямніца прадпрыемства.

 

– Яшчэ ўвесну, рашэннем Гродзенскага абласнога суда на позву адной з заснавальніц нашага аб’яднання было прызнана, што такая інфармацыя з’яўляецца агульнадаступнай, а яе скрыццё парушае санітарнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, – кажа «Твайму стылю» намесніца старшыні грамадскага аб’яднання «Адданае сэрца» Алена Высоцкая.

 

У сувязі са шматлікімі зафіксаванымі парушэннямі заканадаўства сябры «Адданага сэрца» збіраюцца хадайнічаць аб дазволе на ажыццяўленне кантролю законнасці правядзення адлову, магчымасці ўдзелу ў пошуку гаспадароў для адлоўленых жывёл, а таксама адсочванні статыстыкі і іншай дакументацыі, якая тычыцца беспрытульных жывёл. Нагадаем, што асноўнай мэтай аб’яднання з’яўляецца дапамога жывёлам, што апынуліся на вуліцы: іх лячэнне, стэрылізацыя, пошук для іх адказных гаспадароў. Па магчымасці аб’яднанне прымае ўдзел у фарміраванні адказных і беражлівых адносін да жывых істот у дзяцей і падлеткаў і плануе стварыць ў нашым горадзе прыватны прытулак для жывёл.

 

– Нам вядома, што працэдура адлову праводзіцца з парушэннямі існуючага заканадаўства, жорстка і цынічна. Мы рыхтуем дакумент, які, магчыма, дапаможа выправіць становішча і прымусіць службу адлову выконваць свае абавязкі згодна правілаў. Сваім зваротам мы імкнемся прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы жорсткасці ў дачыненні да жывёлаў, – зазначае Алеся Высоцкая.

 

Гродзенскае грамадскае аб’яднанне аховы жывёл «Адданае сэрца» збірае сведчанні грамадзян аб парушэннях пры адлове бадзяжных жывёл «Спецаўтагаспадаркай». Калі вы неабыякавы да лёсу чацьвераногіх і сталі сведкай іх негуманнага адлову ці забойства адпаведнымі службамі і гатовы скласці пісьмовую скаргу, можаце тэлефанаваць на нумар старшыні ГГААЖ «Адданае сэрца» Алены Шыманіца – тэл. 6856759 МТС, ці намесніка старшыні Алесі Высоцкай – тэл. 2883964 МТС.

Ілюстрацыя http://www.pn.mk.ua