«Беларуская дуда»: не растварыцца ў еўрапейскім грамадстве

Арганізавала мерапрыемства гродзенская «Суполка беларускай культуры». Яе прадстаўнікі прызнаюцца, што не разлічвалі на вялікую колькасць наведвальнікаў, але жадаючых даведацца пра ўзнікненне дуды, гісторыю яе выкарыстання і развіццё дударскага руху на Беларусі аказалася столькі, што некаторым прыйшлося назіраць за прадстаўленнем з-за дзвярэй.

Выстава праходзіла пры падтрымцы Дэпартамента інфармацыі і культуры амбасады ЗША і Этнаграфічнага цэнтра «Явар».

 

align=”left” >– Дуда – сімвал гармоніі і міра! Пры яе гучанні утвараецца самая сапраўдная сакральная прастора,– упэўнены дырэктар тэатру Аляксей Бурносенка. – На дудзе гралі паўсюль і ў найважнешныя святы – Каляды, Вялікдзень, вяселле, народзіны, і на хаўтурах, – працягвае Аляксей. – Ды ўвогуле, дударства было прымеркавана да пераходнага стану: напрыклад, народзіны – прыход чалавека ў гэты свет і г.д. Выкарыстоўвалася дуда і для падняцця вайсковага духу.

 

Па словах актораў, сёння ў Беларусі на дудзе ўмее граць каля 100 чалавек. «Але, дударскі рух расце, і ён возьме сваё!», – запэўнілі прысутных артысты.

 

Танцавальная частка прадстаўлення адбывалася ў бальнай залі. Пад кіраўніцтвам майстроў сярэднявечных забаў наведвальнікі з ахвотай, лёгкасцю і задавальненнем засвойвалі «Кракавяк», «Падыспань», «Вераб’я», ды «Цяцерку».

Танцы ўдзельнікаў пад дуду

 

– Як настрой? Якія пачуцці ды ўражанні? – Запытаўся «Твой стыль» у дзяўчатаў, якія паспрабавалі сябе ў танцах.

– Самыя найлепшыя!! Такая энергетыка моцная зыходзіць з гэтых мелодый і танцаў! – Не хавалі яны эмоцый. А адна з іх, Алена, прызналася, што дагэтуль цікавілася і займалася выключна бальнымі танцамі.

 

– Але, мяркую, цяпер прыдзецца ўзяцца і за народныя, – усміхаецца Алена.

 

 

 

Напрыканцы мерапрыемства доўга гучалі апладысменты ды падзякі артыстам, ды не знікала чарга за аўтографамі. У часе збораў «ДыГрызы» ў дарогу мы задалі некалькі пытанняў артыстам:

 

– Як узнікла ідэя стварэння вашага тэатру?

– У 2005 годзе выпадкова сабралося некалькі чалавек, што цікавіліся сярэднявечнай рэканструкцыяй. Ну а далей пачалі ствараць рознапланавыя пастаноўкі сярэднявечнай культуры.

 

– З чаго складаюцца вашыя пастаноўкі?

– Мы займаемся рэканструкцыяй тэатральнай і карнавальнай культуры еўрапейскага Сярэднявечча. Асаблівую ўвагу надаем, вядома ж, этнаграфічнай традыцыйнай культуры Беларусі гэтага перыяду, бо не хацелася б бясследна растварыцца ў еўрапейскім грамадстве. У нас багаты рэпертуар: гэта вулічны тэатр, танцы, скамарохі, традыцыйныя танцы Беларусі, Прыбалтыкі, Скандынавіі, сярэднявечная і народная традыцыйная музыка, агнявое шоу.

 

– А якое месца ва ўсім гэтым належыць менавіта дудзе?

– Мы – адзіны ў Еўропе тэатр з беларускай дудой. Можна сказаць, выдзяляемся ў Еуропе менавіта тым, што робім беларускае, а ў Беларусі – тым, што граем на дудзе!

 

– Тое, чым вы займаецеся – вельмі рэдкая з’ява ў Беларусі. Ці атрымліваецца, дзякуючы гэтаму, нешта зарабляць?

– Мы імкнемся не да раскошы, набыцця нейкіх рэчаў, ці вінаграду на сняданак, а да рэалізацыі нашых творчых задумаў. Калі марыш аб раскошы – трэба ісці ў бізнес. А нам у поўнай меры дастаткова таго, што маем!

 

– Якія задумкі выношваеце на будучыню?

– У бліжэйшай перспектыве – хочам паставіць вялікі агнявы балет па старажытнай беларускай «Легендзе пра Цмока». Ну а нашая задача-максімум – адкрыццё ўласнага культурна-асветніцкага адукацыйнага Цэнтру!

 

Фота і відэа аўтара.