Метафізічная фатаграфія, ці цуда ўзаемадзеяння са святлом

|

Метафізічная фатаграфія з’яўляецца новым накірункам у сучаснай фатаграфіі. Алег Пятроў мае адукацыю ў вобласці фізікі. Таму абраны ім накірунак даволі сімвалічны. Галоўны складнік тут – святло. Калі прадметы пачынаюць узаемадзейнічаць са святлом, здараецца цуда. Яны змяняюцца, і мы можам убачыць іх з іншага ракурсу. Часам нават патрэбны час, каб зразумець, што гэта за прадметы.

 

alt=”Image 19148″ >

 

Прадстаўленыя на выставе здымкі – гэта толькі частка метафізічных фатаграфій гарадзенскага фатографа. Памеры галерэі “Крыга” не дазволілі паказаць іншыя здымкі.

 

 

Алег Пятроў распавёў пра новы накірунак:

 

Чаму выстава называецца “Метафізіка колеру”?

 

Вызначэнне метафізічай фатаграфіі яшчэ поўнасцю не ўсталявалася ў сучасным мастацтве. Але метафізіка – гэта першапачатак ўсяго. Фатаграфія таксама пачыналася з чорнага і белага колераў, яны прысутнічалі пры ўзнікненні фатаграфіі.

 

Што вас найбольш цікавіць у гэтай тэхніцы?

 

Больш за ўсё мяне прываблівае гарадское асяроддзе: суадносіны формаў, святла і ценяў, святла і колеру. Гэта заўсёды мне падабалася. Але калі тэхнікі і змяняюцца, то сутнасць маіх прац застаецца.

 

Адкуль вы бярэце сюжэты для сваіх прац?

 

Усё рухаецца ад задумы да ўвасаблення. Спачатку ты ходзіш і глядзіш. Потым заўважаеш нешта, робіш здымак. З цягам часу здымкі нібы часткі мазаікі пачынаюць складацца ў адзіную тэму.

 

– Зараз амаль кожны мае магчымасць здымаць. Чым вылучаецца сапраўдны фатограф?

 

Уменне здымаць даецца Богам. Я не кажу зараз пра сваю асобу, бо трэба крытычна ставіцца да сябе. Безумоўна, ёсць рамесніцкія веды, якімі трэба дасканала валодаць, а не спадзявацца на аўтаматыку камеры. Фатаапарат – гэта нібы пэндзлік у руках мастака ці разец скульптара. Ім трэба ўмець карыстацца. Галоўнае – мець у душы, сэрцы і галаве тое, што ты бы хацеў сказаць іншым. Калі табе няма чаго сказаць, то няма сэнсу “пэцкаць паперу”.

 

На выставе прысутнічалі сябры фатографа і яго навучэнцы. Ірына Сільвановіч, дырэктар гарадзенскай выставачнай залы:

 

Цікава, як Алег Пятроў заўважае сусвет. Нягледзячы на тое, што выстава невялікая, мы можам бачыць мноства цікавых фрагментаў нашага горада. Фатаграф вучыць нас бачыць і назіраць за святлом і ценем.

 

Наступную выставу Алег Пятроў чакае вясной у Кашаліне, ў Польшы, у адной з прыватных галерэй.

 

Наведаць выставу ў Гародні можна да 17 лютага.

 

Здымкі Яўгена Здановіча