Віктар Шалкевіч: “Я ціхі, добры і спакойны. Мяне нават дазваляюць”
Гарадзенскі бард выйшаў на сцэну ў суправаджэнні клавішніка і гітарыста — свайго музычнага партнёра цягам ужо 20 гадоў Анатоля Кандыбы і Дзяніса Брынкевіча. Пачаўся выступ з песні, якая была надта дарэчы — “Такая доўгая зіма”. Толькі пасля яе выканаўца павітаўся з гледачамі, натуральна, у сваім непаўторным стылі. “Нас не пускаюць у цэнтр, але нам і тут няблага”, — заявіў ён. З арганізацыяй канцэрту Шалкевіча сапраўды была праблема: кіраўніцтва пляцовак, дзе раней праводзіліся яго канцэрты, вырашыла перастрахавацца ды не пускаць беларускамоўнага барда да сябе.
Канцэрт умоўна складаўся з трох частак без антракту. Спачатку Віктар сыграў старыя і добра вядомыя песні, потым прадставіў шэсць абсалютна новых, а на трэцяе былі адносна новыя, але ўжо вядомыя кампазіцыі. Натуральна, амаль перад кожным творам ён апавядаў цікавыя гісторыі, анекдоты, нават прачытаў апавяданне ды частку сцэнару для тэатральнай пастаноўкі. Шалкевіч у сваіх прамовах яўна імправізаваў: “Спадары працаўнікі камеры, — звярнуўся ён да прысутных у зале аператараў. — Спадзяюся, тое, што вы здымеце, не будзе скарыстана ў ідэйна-прапагандысцкіх фільмах. Я ж ціхі, добры і спакойны. Мяне нават дазваляюць”, — скончыў ён фразу пад агульны смех і апладысменты залы. Следам была выкананая балада “Маё каханне”, яе аўтар прысвяціў усім жанчынам, якія прыйшлі на гэты канцэрт, не зважаючы на тое, што яму споўнілася 53 гады. Пазней у сваім перадвіншаванні з Днём святога Валянціна ён пажадае жанчынам у пошуку абраць “нешта прыстойнае і беларускамоўнае”.
“Зараз будзе дэманстрацыя “стаяння пяра”, — працягваў герой вечара, прачытаўшы чатырохрадкоўе на мяжы фолу. Такім чынам ён падабраўся да блоку новых песняў. Прагучала “Песня старога ўдаўца”, трагікамічная “Вёска Пагост, саўгас “Свабода”, “Эл і Венесуэл”… Была яшчэ песня пра Пятра і Паўла. “Яе Фядута любіць. Чаго вы смеяцеся, Фядута таксама чалавек”, — сказаў перад яе выкананнем Шалкевіч, зноў жа пад агульны рогат гледачоў.
Пад канец імпрэзы Шалкевіч расчуліўся ды адкрыўся да канца. Прызнаўся, што вырашыў для сябе, што сёлета яму мусіць пашанцаваць. Толькі не ведаў, у чым. Дык вось, кажа музыка, атрымаў ён запрашэнне нібы з-за мяжы, якое дае шанец рэалізавацца яму як актору. Больш ён вырашыў пакуль не паведамляць, але заўпэўніў, што з’язджаць дакладна не збіраецца. Проста працы будзе шмат, таму канцэрты могуць быць радзейшымі. У яго яшчэ пішацца п’еса, рыхтуецца новая кніга ды багата якіх яшчэ планаў у галаве. “Каб я толькі спадзяваўся на добразычлівую публіку, дык памёр бы ад голаду”, — падсумаваў выканаўца ды выказаўся ў падтрымку сваіх калегаў, якім не даюць магчымасці граць на Радзіме.
“Гэта памылка — не даваць залы Вольскаму і Вайцюшкевічу. Яны ж нічога больш рабіць не ўмеюць. Яны павінныя рэалізоўвацца тут, і не варта дзяліць сваіх людзей на кепскіх і добрых”. Яшчэ Шалкевіч стаў на абарону Юрыя Зісера ды Аляксандра Мілінкевіча, на якіх у сеціве абрынулася хваля крытыкі ды заклікаў “не развязваць мяшкі з дзярмом” ды быць дабрэйшымі. Пасля шэрагу песень на біс сеанс гіпнозу ад гарадзенца, што прызямліўся ў Мінску, скончыўся. На неакрэслены тэрмін.