Ідэя пра тое, як самому сабе стаць працадаўцам

Пакуль што ў атэлье два супрацоўнікі – сама ўладальніца Наталля Васілевіч і Алена, яе напарніца.

 

Наталля не лічыць сваю справу прыбытковай, але адзначае яе перавагі.

 

– Як у вас з’явілася ідэя распачаць сваю справу?

– Ідэя з’явілася тады, калі было цяжка ўладкавацца на працу. Працадаўцы не хочуць браць людзей з інваліднасцю. Каб працаваць, камісія, якая выносіць дазвол на працу, заўсёды агучвае нейкі спіс магчымых спецыяльнасцяў. На прадпрыемствах павінны быць створаны неабходныя ўмовы. Не для ўсіх арганізацый гэта зручна. Калі ты так паходзіш, «памыкаешся», узнікае думка стварыць штосьці сваё.

 

– Чаму менавіта атэлье?

– Перабраўшы ўвесь наш гродзенскі бізнес, я знайшла нішу, якая засталася не занятая. Сумкамі карыстаюцца не меньш чым адзеннем, а рвуцца яны нават часцей. Адсюль і з’явілася ідэя.

 

– У чым перавага працы на сябе?

– Калі на вуліцы слізка і я не магу дабрацца да работы, працадаўцу гэта не спадабаецца. А так… Я самастойна рэгулюю графік свайго перамяшчэння. Магу змяняць расклад сваёй працы, каб сумясціць яе з лячэннем. Плюс, гэта адпачынак у той час, калі мне зручна.

 

– Ці прыйшлося вам атрымаць якія-небудзь спецыяльныя навыкі для таго, каб рамантаваць сумкі?

– Была галава, былі рукі, астатняе прыйшло з вопытам.

 

– У атэлье ёсць адкрытыя вакансіі?

– На сёння я б некалькі чалавек узяла. Спачатку навучыла, і толькі пасля іх падрыхтоўкі адкрыла б новую кропку ў горадзе. Калі гэта будуць людзі з абмежаваннямі ў здароўі, я толькі «за», галоўнае, каб у чалавека было жаданне працаваць.

 

– Наколькі вашае атэлье прыбытковае?

– Заробленых сродкаў нам хапае на ўсе праплаты і на мінімальны заробак. Нам цяжка ўдваіх цягнуць арэнду, камунальныя паслугі. У нас жа ручная праца, гэта не вагонамі гандляваць! Канешне, прыбытак у нас амаль што нулёвы, заплацілі ўсё, на заробак назбіралі, і слава Богу.

 

– Якія ільготы вашаму бізнесу даюць улады?

– Адзінае, што у нас ёсць – ільготы на арэнду памяшкання. Поўную арэнду мы дакладна б не пацягнулі.

 

– Наколькі вы задаволены сваёй працай?

– Мы задаволеныя ўжо тым, што людзі дзякуюць нам і кажуць у адзін голас, што мы ім патрэбны.