Як застацца вегетарыянцам у арміі

Магілеўчанін Віктар Нікалаеў служыў у Віцебску, у мабільнай роце 350-га батальёну 103 брыгады і перакананы, што вегетарыянцам можна заставацца дзе заўгодна і калі заўгодна. Найбольшыя складанасці, паводле яго слоў, паўстаюць на пачатку службы, калі адбываецца адаптацыя да новых умоваў жыцця.

 

– Лепш за ўсё – не афішаваць асаблівасці свайго харчавання, а проста выбіраць, што можна з’есці, а ад чаго – адмовіцца, – раіць наш суразмоўца прызыўнікам-вегетарыянцам. З досведу Віктара вынікае: пра тое, што хтосці адмаўляецца ад мяса з цягам часу і так даведаюцца амаль усе.

 

Пад канец віктаравай службы пра ягонае вегетарыянства ведалі і таварышы, і нават некаторыя афіцэры.

 

– Узнікалі, канешне, пытанні – як, чаму, навошта… Але затым, як і ў цывільным жыцці, людзі пачыналі ставіцца да гэтага з разуменнем, – распавёў хлопец. Ён прызнаўся, што падчас службы яму даволі часта выпадала браць у сталоўцы другую страву без мяснога, альбо мяняцца з таварышамі. «Вядома, не пашкодзіць набываць комплексныя вітаміны», – падкрэслівае наш суразмоўца і тлумачыць, што на тэрыторыі некаторых вайсковых частак ёсць невялічкія крамы, ў якіх, нягледзячы на абмежаваны асартымент, усё ж такі можна набыць і вітаміны, і вегетарыянскую ежу.

 

– Праўда, на палявых занятках ужо даводзілася задавальняцца практычна адным хлебам з гарбатай, – узгадвае наш суразмоўца, але запэўнівае, што яму хапала і гэтага. – Галоўнае – разумець, для чаго табе гэта патрэбна, і тады можна выцярпець многае! – Падсумоўвае нашую размову Віктар.

 

А вось гарадзенец, Яўген Паўловіч ужо на пачатку нашай гутаркі змог прапанаваць варыянт «вегетарыянскага армейскага меню»:

 

– Сняданак: каша, сыр, гарбата, малако, сок. Абед: суп, каша, салат, кампот ці кісель. Вячэра: каша, гарбата, булачка.

 

Яўген служыў у роце ганаровай варты Ваеннай камендатуры Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. «Магчымасць заставацца вегеарыянцам там была, але каб пад час службы адмыслова гатавалі якую-небудзь вегетарыянскую ежу – гэта на мяжы фантастыкі», – распавядае хлопец і прызнае, што каб застацца вегетарыянцам яму дастаткова было аддаць таварышу са сваёй талеркі мясное/курынае/рыбнае (у залежнасці ад таго, што прапанавалася ў той ці іншы дзень) і атрымаць замест гэтага амаль што вегетарыянскую кашу.

 

– Нас у роце было 112 чалавек, а калі лічыць яшчэ і батальён – то 240, з якіх толькі я быў вегетарыянцам, – узгадвае Яўген і тлумачыць, што калі б вегетарыянцаў было больш, то можна было б рабіць нейкія захады па арганізацыі асобага харчавання. – Ну а так, я з’яўляўся там «белай варонай».

 

Вегетарыянцу Яўгену Рэмізевічу (на фота – крайні злева), каб заставацца ў згодзе са сваім сумленнем, у якасці бартэру прыйходзілася задзейнічаць цыгарэты. «Службу мне давялося праходзіць у 38-й брыгадзе паветрана-дэсантнага войска», – кажа Яўген і прызнаецца, што маральна рыхтаваўся да цяжкасцяў яшчэ перад войскам. Так і здарылася, цяжкасці былі, і хлопцу іншым разам даводзілася задавальняцца толькі хлебам ды пюрэ на вадзе, бо ўсе супы былі прыгатаваныя на мясе.

 

– У часе заняткаў на палігоне ў межах палявой кухні выдаваліся моманты, калі за пачак цыгарэт я дамаўляўся пра тое, каб адкладалі асобна порцыю кашы для мяне – без тушонкі, – здраджвае сакрэты жаўнерскай кемлівасці наш суразмоўца. Паводле яго слоў, саслужыўцы з ахвотай пагаджаліся на абмен мясной ежы на вегентарыянскую. «Калі цікавіліся, чаму я не ўжываю мяса, то лепш за ўсё было адказваць, што мне проста не падабаецца, як яно прыгатавана», – дзеліцца досведам хлопец і падкрэслівае, што пра спецыфіку харчавання лепш нічога было не казаць афіцэрам і камандзірам.

 

Як бачым, калі ў чалавека моцны ўнутраны стрыжань, і ён дакладна ведае, дзеля чаго скіраваны яго ўчынкі, то значных перашкод дзеля ажыццяўлення сваіх імкненняў у яго не паўстае.