Пераможца «Бардаўскай восені» заспявала ў Гродне

Упершыню Паліна заспявала ў шасцігадовым узросце. Зараз ёй сямнаццаць і ў яе за плячыма мноства песень і выступаў на шматлікіх конкурсах. У мінулым годзе Паліна перамагла ў конкурсе аўтарскай песні «Бардаўская восень», які штогод ладзіцца ў Беластоку Саюзам беларускай моладзі. Там яна аказалася адзінай дзяўчынай і самай маладой удзельніцай.

 

У розныя гады, дарэчы, на «Бардаўскай восені» выступалі Алесь Камоцкі, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Лявон Вольскі. Нягледзячы на маладосць, тэксты песень Паліны вызначаюцца незвычайнай сталасцю. «Мне нават аднойчы сказалі, што ў маім узросце пісаць такія тэксты – увогуле амаральна!», – загадкава ўсміхнуўшыся пракаментавала яна гэты закід.

 

Аўтарка сама ня ведае, як нараджаюцца яе песні і што гэтаму спрыяе.

– Я проста пішу і ўсё. Я ўпэўнена, што ўсё гэта – з неба! – лічыць дзяўчына са сцэнічным псеўданімам «Рэспубліка».

 

Псеўданім, дарэчы, не вынікае з нейкіх асаблівых амбіцый ці пафасу. «Калі я яшчэ вучылася ў школе, мы з сябрамі праходзілі каля амбасады Ліванскай Рэспублікі. Нехта звярнуў увагу на тое, што колеры маёй вопраткі адпавядаюць колерам сцяга гэтай краіны. Так вось і замацавалася за мной гэтае імя», – патлумачыла дзяўчына паходжанне мянушкі, якая пераўтварылася ў псеўданім.

>

«Твой стыль» запытаўся ў бардэсы аб адрозненні бардаўскага музычна-паэтычкага накірунку ад іншых гатункаў песеннай творчасці.

– Я б сказала, што ён больш такі нейкі «хатні», «цяплейшы», «непрымусовы». Не можа быць паўнавартаснага выступлення, калі не аддаеш слухачам часьцінку сябе, сваёй душы, сэрца.

 

Ад чаго атрымліваеце большую асалоду: ад працэсу стварэння песень ці ад іх выканання?

– Песня жыве, пакуль яе нехта слухае. Галоўнае, што баюся страціць – гэта пачуццё, якое бывае, калі спяваеш: тады душа быццам выходзіць з цябе! Ведаеце, пачуццё сцэны – вельмі моцны наркотык: аднойчы паспрабаваўшы, будзеш шукаць яго зноў і зноў!

 

Чым яшчэ захапляецеся, акрамя музыкі?

– Да адносна нядаўняга часу я – паўабаронца ў жаночай футбольнай камандзе. Вялікім захапленнем для мяне заўсёды былі дзеці і магчымасць зносінаў з імі. Пасля гэтага – літаральна адраджаешся зноўку! Ну, і яшчэ я збіраюся здымаць кіно.

Напрыканцы выступу Паліна шчыра дзякавала слухачам:

– Адна справа – спяваць для сябе ці сваякоў, а зусім іншая – спяваць для незнаёмых людзей. Заўсёды было загадкаю тое, як арганізоўваюцца канцэрты. Таму неверагодна прыемна, што вы вось так сабраліся і прыйшлі мяне паслухаць!

 

 

Фота аўтара