Украіна адрэагавала на знішчэнне свіней у Наваградскім раёне

|

Рашэнне прынята, каб прадухіліць верагоднасць заносу ўзбуджальніка АЧС, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай ветэрынарнай фітасанітарнай службы.

 

У сярэдзіне лютага ў вёсцы Нязнавава Наваградскага раёна было знішчана ўсё пагалоўе свіней з прыватных падворкаў.

З паведамлення міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу вынікае, што «на тэрыторыі Наваградскага і Карэліцкага раёнаў Гродзенскай вобласці 16—18 лютага 2012 года былі праведзены рэгіянальныя вучэнні ў рэжыме максімальна набліжанай да рэальных умоў абстаноўкі, з прымяненнем эфекту нечаканасці і адпрацоўкай ўсіх канкрэтных дзеянняў і прафілактычных мерапрыемстваў».

Некалькі дзён прадстаўнікі мясцовых уладаў, супрацоўнікі ветэрынарных установаў і чыноўнікі міністэрства не каментавалі сітуацыю.

Супрацоўнікі міліцыі выдалілі з Нязнанава журналістаў, якія прыехалі рабіць туды рэпартаж. Мясцовыя жыхары журналістаў пазбягалі.

 

Украіна абмежавала імпарт мясной прадукцыі да высвятлення ўсіх абставін.

Дзяржаўная ветэрынарная служба распаўсюдзіла паведамленне, дзе гаворыцца:

 

“Беларусь уваходзіць у Мытны саюз, што ў сваю чаргу цягне адсутнасць мытнага і ветэрынарнага кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы з Расіяй, дзе цягам апошніх пяці гадоў адзначаецца складаная эпізаатычная сітуацыя па АЧС. Таму… існуе верагоднасць таго, што выпадак ў вёсцы Нязнанава абумоўлены ўнясеннем узбуджальніка АЧС у Беларусь”.

“На сённяшні дзень АЧС з’яўляецца пагрозай не толькі для біялагічнай, але і харчовай бяспекі Украіны. У выпадку заносу ўзбуджальніка АЧС на тэрыторыю нашай краіны, можа быць забаронены экспарт зерня, знішчана значнае пагалоўе свіней, будуць рэалізаваныя іншыя абмежавальныя меры, якія будуць мець надзвычай негатыўныя эканамічныя наступствы. Сітуацыя, якая склалася ў РФ, а таксама на сённяшні дзень нявызначанасць адносна гэтага захворвання ў Рэспубліцы Беларусь, стварае пагрозу біябяспецы Украіны”, -адзначылі ў Дзяржветслужбе.

 

Паводле http://glavcom.ua

 

Здымак з сайта http://www.kalitva.ru